Прогноз погоды
Вт, 22 апреля 2025

Рэгіянальным прадстаўніком у Румыніі ад Кобрыншчыны на семінары па барацьбе з сямейным насіллем выступіў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык

16/10/2017 Социум Важное

Тэма барацьбы з сямейным насіллем з’яўляецца злабадзённай для ўсяго цывілізаванага свету. Сапсаваныя лёсы, страчанае здароўе і дзіцячыя вочы, поўныя слёз і роспачы…На Кобрыншчыне, як і ва ўсёй нашай краіне, гэтай праблеме надзяляецца пільная ўвага з боку органаў улады і ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў. Ужо пяты год запар Кобрыншчына з’яўляецца пілотнай па реэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі па павышэнні гендарнага патэнцыялу нашай краіны, у межах якога барацьба з насіллем у сям’і займае асаблівае месца. Сістэматычна па лініі  фонду ААН у сферы народанасельніцтва (ЮНФПА) адбываюцца семінары, у якіх удзельнічаюць эксперты з сілавых структур і ведамстваў краіны.   

Пад эгідай ЮНФПА напрыканцы верасня па вышэйадзначанай тэме для ўдзельнікаў праекта ЮНФПА была арганізавана рабочая паездка ў Румынію. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрстваў унутраных спраў і аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Рэгіянальным прадстаўніком ад Кобрыншчыны выступіў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Акрамя беларусаў, у мерапрыемстве прынялі ўдзел таджыкі і казахі.  

 

 

Румынія  - адна з краін, дзе барацьба з сямейным насіллем вядзецца найбольш эфектыўна, з прымяненнем інавацыйных методык. Спрыяе гэтай рабоце і  адпаведная нарматыўная база. У 2006 годзе ў краіне  прыняты і дзейнічае  адпаведны закон, накіраваны на барацьбу з гэтай бядой. Таксама Румынія далучылася да Канвенцыі Савета Еўропы аб папярэджанні і барацьбе з насіллем у адносінах да жанчын і з хатнім насіллем, якая была прынята ў 2011 годзе ў Стамбуле.  Як сведчыць статыстыка, у Румыніі прыкладна 200 чалавек кожны год гінуць у выніку гэтай сацыяльна небяспечнай з’явы, прычыны якой прадказальныя – злоўжыванне спіртнымі напоямі ў сукупнасці з  нізкім фінансавым дастаткам у сям’і і невысокай адукаванасцю бацькоў. Тым не менш, удзельнікам візіту было вельмі цікава паглядзець, як еўрапейская краіна супрацьстаіць існуючым выклікам па гэтай вельмі складанай праблеме. Паколькі ахвярамі сямейнага насілля ў абсалютнай большасці выпадкаў з’яўляюцца жанчыны, прафілактыка супрацьпраўных з’яў патрабуе максімальнай кансалідацыі сіл і сродкаў з боку дзяржавы. А змагаюцца ў Румыніі з сямейным насіллем разам. Так, напрыклад, у горадзе Тыргу-Мурэш з колькасцю насельніцтва 142 тыс. чалавек, дзе прыкладна палавіна – венгры,  па гэтай тэме ўзаемадзейнічаюць розныя галіны ўлады, мясцовыя органы самакіравання, дэпутаты, прэфектура, магістрат.

Суб’ектамі прафілактыкі з’яўляюцца работнікі сістэмы аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, паліцыі. Удзельнікі рабочага візіту сустрэліся з прадстаўнікамі гэтых структур і, як кажуць, з першых вуснаў даведаліся аб іх меркаваннях наконт вырашэння праблемы, вывучылі мясцовыя механізмы барацьбы з сямейным насіллем.  Так, напрыклад, у мясцовай бальніцы была заўважана асаблівая рознакаляровая разметка і стрэлкі, нанесеныя на падлогу, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў, якія ўказваюць на напрамак руху для пацярпелых ад хатняга насілля рознай ступені цяжкасці. Такія разметкі дапамагаюць медперсаналу без перашкод арыентавацца ў экстрымальных сітуацыях. У сістіэме аховы здароўя Румыніі працуюць і сацыяльныя работнікі з адпаведнай падрыхтоўкай, якія адразу ж пачынаюць комплексна займацца з ахвярамі, як толькі яны трапляюць у медыцынскую ўстанову. Гэтыя супрацоўнікі ў тым ліку шчыльна працуюць і з роднымі пацярпелых.

Цікава было пазнаёміцца з функцыянаваннем шэлтара (антыкрызіснага пакою), дзе могуць пражываць пацярпелыя. Нямала ўдзельнікі візіту даведаліся аб падыходах у рабоце з мужчынамі-агрэсарамі, у прыватнасці, аб праграмах неабходнай карэкцыі паводзінаў у адносінах да членаў сям’і. Што датычыцца сістэмы адукацыі, то адпаведныя спецыялісты працуюць у школах па адзначнай тэме, пачынаючы з пачатковых класаў, і вучаць дзяцей паважліваму стаўленню адзін да аднаго, дэманструюць мадэль паводзінаў, якая выключае любое насілле, падкрэсліваюцца роўныя правы жанчын і мужчын у грамадстве. У навучальных устаноўвах праводзіцца шмат тэматычных флэш-мобаў.  

Асаблівыя падыходы дзейнічаюць на заканадаўчым узроўні. Так, напрыклад, тэрміны зняволення за злачынства, якое здзяйсняецца ў сям’і, па адным і тым жа артыкуле Крымінальнага кодэксу Румыніі, павялічваюцца на чвэрць.  За кошт сродкаў бюджэту і спонсарскіх ахвяраванняў функцыянуюць Усходнееўрапейскі інстытут рэпрадуктыўнага здароўя, Цэнтр па падтрымцы маці і бясплатная кругласутачая “тэлефонная лінія даверу”. За апошнія некалькі гадоў на падтрфымку дзейнасці гэтых грамадскіх інстытутаў   атрымана больш за 6 млн еўра. Паводле меркаванняў удзельнікаў візіту, некаторыя падыходы, якія тычацца сямейнага насілля, можна было б прымяніць і ў Беларусі.

Для ўдзельнікаў візіту ў Румынію была арганізавана і насычаная культурна-масавая праграма, якая дазволіла дакрануцца да багатай румынскай гісторыі. Краіна мае вельмі моцны турыстычны патэнцыял – шмат замкаў,  годныя атэлі, выдатную кухню, дзе дамінуюць вострыя стравы. Беларусаў уразіла экскурсія ў горад Сігішоара, дзе ў пятнаццатым стагоддзі нарадзіўся знакаміты  Улад ІІІ Басараб, шырокавядомы як Дракула. Мясцовыя жыхары зусім не асацыіруюць яго з міфічным вампірам. Яны дакладна ведаюць, што гэта быў выбітны князь, эканаміст, палкаводзец, які выкарыстоўваў жорсткія, але эфектыўныя метады кіравання. Краіна ўразіла развітай сельскагаспадарчай сферай, дарогамі, якія ў большасці сваёй нагадваюць па форме серпантын, і, вядома, сваімі шчырымі людзьмі і гасціннасцю. На развітанне гаварыць Румыніі: “Ла рэвэдэрэ!”(з румынскага “Да пабачэння!” – Р.М.) зусім не хацелася.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота з архіва Валянціна Трубчыка.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости