Падтапленні ўчасткаў — тэма, якая сёння стала актуальнай, напэўна, для большасці жыхароў Кобрыншчыны. Вада залівае агароды, каналізацыйныя калодзежы, стаіць у падвалах дамоў, а часам нават у саміх дамах. Пра прычыны з'явы сёння можна пачуць самыя розныя думкі. Аб тым, якіх маштабаў дасягае праблема і якія меры прымаюцца па яе вырашэнні, мы запыталіся ў намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Майсеюка.
- Аляксандр Уладзіміравіч, з чым звязана з'яўленне такой колькасці вады, якую мы назіраем сёлета?
- Сапраўды, падтапленне сёння стварае сур'ёзную праблему. Прычынай паслужыла павышэнне ўзроўню грунтовых вод — і, адначасова, вялікая колькасць снегу, які хутка растаў.
- Як праводзяцца работы па ліквідацыі наступстваў падтаплення?
- Па кожным факце на месца выязджае спецыяльная камісія, у складзе якой працуюць прадстаўнікі КУШВП ЖКГ «Кобрынская ЖКГ» і Кобрынскага РАНС. Камісія вызначае ступень пагрозы падтаплення і, у адпаведнасці з апошняй, на месцы прымае рашэнне. Калі існуе непасрэдная пагроза падтаплення дома — напрыклад, калі вада падыходзіць да ўзроўню падлогі, праводзіцца адпампоўванне вады. Акрамя таго, вывучаецца абстаноўка на месцы, шукаюцца шляхі адводу паверхневых вод. Калі для гэтага ёсць магчымасць, то ўчастак заносіцца ў спіс, і работы праводзяцца ў адпаведнасці з чаргой.
- Дзе пытанне стаіць найбольш востра?
- У паўночнай частцы горада — раён, абмежаваны вуліцамі Кутузава і Прывакзальнай. Сур'ёзная праблема існуе ў раёне новай забудовы на месцы былога аэрадрома. Ёсць праблемныя ўчасткі на вуліцах Леніна, Пралетарскай. Менавіта там зараз праходзяць работы. Што ж датычыцца сельскай мясцовасці, то практычна няма ніводнага населенага пункта, з якога не паступалі б звароты аб падтапленні. Выконваліся і выконваюцца работы ў Мазічах, Батчы, Залессі, Стрыгаве, Патрыках, Пецьках. Плануюцца на тэрыторыі Гарадзецкага сельсавета, на Дзівіншчыне, у Астромічах і інш. Адзначу, што без увагі не застанецца ніхто.
- Куды звяртацца чалавеку, які сутыкнуўся з пагрозай падтаплення?
- Калі сітуацыя крытычная — а гэта значыць, што вада падыходзіць да падлогі дома і пагражае сур'ёзнымі наступствамі, неабходна звяртацца ў Кобрынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. У іншых выпадках звяртацца трэба ў КУШВП ЖКГ «Кобрынская ЖКГ» у мяжы горада і ў сельвыканкамы – у сельскай мясцовасці. Ва ўсіх выпадках трэба разумець, што колькасць падобных зваротаў сёння вельмі вялікая, і першачарговасць выканання работ на кожным участку абумоўліваецца ўзроўнем аб’ектыўнай пагрозы ад падтаплення.
Гутарыў Дзмітрый БЯЛОЎ.
фота аўтара
Поделиться в соцсетях: