Чарговы дзень падпісчыка прайшоў па Кобрынскім хлебазаводзе. Супрацоўнікаў рэдакцыі і паштальёнаў тут заўсёды прымаюць цёпла.
Кожны работнік завода з самага ранку быў заняты сваімі справамі, але знайшоўся час і на афармленне падпіскі. Так, спецыяліст па маркетынгу Крысціна Кірчук, якая стала нашай першай падпісчыцай у гэты дзень, раней не выпісвала “Кобрынскі веснік”, але мы спадзяемся, што газета стане пастаянным сябрам дзяўчыны.
Асноўная работа на хлебазаводзе кіпіць ноччу, таму ранкам у цэхах было не шматлюдна, але мы зазірнулі да кожнага. Так, токар Аляксандр Яцук зноў аформіў падпіску на “КВ”. Дарэчы, мужчына падпісваецца на “раёнку” другі раз у час правядзення дня падпісчыка. Аляксандру Яцуку падабаецца, што ў нашай газеце можна знайсці ўсю цікавую інфармацыю аб жыцці раёна. З гэтай думкай згодна і кладаўшчык Рамуальда Архіпава, якая аформіла падпіску на шэсць месяцаў.
Сустрэлі мы і нашага пастаяннага сябра – Вадзіма Федасевіча, які таксама аформіў падпіску на першае паўгоддзе 2016 года.
Усім нашым падпісчыкам мы прэзентавалі календары з лагатыпам газеты на наступны год, які для нашых падпісчыкаў пачнецца ў добрай кампаніі з “раёнкай”.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: спецыяліст па маркетынгу Крысціна Кірчук.
Фота аўтара.