Здавалася б – што цяжкага ў тым, каб у наш час памяняць пусты газавы балон? Між тым, калі такое пытанне паўстала ў жыхаркі вёскі Мацы Валянціны Марчук, то цягнуць гэты балон ёй давялося аж да сярэдзіны вуліцы Жукава, у канцы якой і стаіць яе дом. Справа ў тым, што праехаць па грунтовай дарозе – а калі быць больш дакладным, па тым, у што яна ператварылася – здолее далёка не кожны аўтамабіль.
У гэтым мы пераканаліся на ўласным вопыце, калі на рэдакцыйным поўнапрывадным “УАЗе” паспрабавалі праехаць да дома Валянціны Міхайлаўны. Асфальт, якім пачыналася вуліца Жукава, раптоўна скончыўся. І калі спачатку машына яшчэ спраўлялася з граззю і ямінамі, то апошнія сто метраў да пункта назначэння давялося дабірацца пехатой – на шырыню ўсёй дарогі разлілася вялізная лужына невядомай глыбіні.
- Вось так і жывем, - падзялілася сваім горам Валянціна Марчук. – А ўявіце сабе, што тут робіцца пасля моцнага дажджу… “Хуткая дапамога” праехаць не можа – ад месца, дзе заканчваецца асфальт, дактары шыбуюць сваім ходам. А на вуліцы, між тым, жывуць і інваліды, і пенсіянеры – ды і малыя дзеці ёсць.
Як адзначыла Валянціна Марчук, па гэтым пытанні жыхары вуліц звярталіся і ў ААТ “Стрыгава”, і ў сельвыканкам. У адказ на звароты прыйшоў грэйдэр, паездзіў туды-сюды – ды і паехаў па сваіх справах. Шчыра прызнацца, дарога ад гэтага лепшай не стала. Ды і немагчыма вырашыць гэтую праблему адным грэйдзіраваннем – няўзброеным вокам відаць, што гэты ўчастак вуліцы Жукава патрабуе да сябе значна больш грунтоўнага падыходу.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: