Прогноз погоды
Вт, 01 июля 2025

От Кобринского «Полесья» - с душой

21/07/2014 Социум

Ідуць гады, сямімільнымі крокамі рухаецца наперад прагрэс, а разам з ім мяняюцца і нашы светапогляды, і патрабаванні як нас саміх, так і нашых дзяцей. Аднак ва ўсе часы самым жаданым дзіцячым падарункам былі і будуць цацкі – прыгожыя, яркія, цікавыя і, зразумела, якасныя. Такія, як вырабляюцца на СТАА “ВП Палессе” – буйнейшым прадпрыемстве Кобрыншчыны.Дарэчы, 2014 год з’яўляецца знакавым не толькі для нашага горада, які адзначае 70-годдзе свайго вызвалення, але і для “Палесся” – сёлета прадпрыемства стала лаўрэатам прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў вобласці якасці, якая ва ўрачыстай атмасферы была ўручана дырэктару прадпрыемства Андрэю Гольцману. Сёння СТАА “ВП Палессе” ўпэўнена стаіць на шляху мадэрнізацыі і асвойвання новых тэхналогій, пастаянна абнаўляецца і асартымент прадукцыі. Так, штогод доля новых вырабаў складае каля 30%.Аднак горадаўтвараючае прадпрыемства – гэта не толькі высокія даходы і трывалае становішча на сусветных рынках, але і вялікая адказнасць, якая праяўляецца ў пастаянным удзеле ў развіцці свайго рэгіёна. Сёння цяжка нават адшукаць такую сферу жыцця Кобрыншчыны, у якой не знайшлося б добрага следу “Палесся”. Сярод буйнейшых прыкладаў - рэканструкцыя вуліцы Нікалаева, якая дзякуючы спонсарскай дапамозе прадпрыемства набыла сучасны выгляд, выдатна ацанілі кабрынчане і аўтобусы, што бясплатна давозяць пасажыраў да магазінаў СТАА “ВП Палессе”, а разам з тым і ў бліжэйшыя раёны. Прадпрыемства – пастаянны спонсар разнастайных спартыўных мерапрыемстваў, аказвае дапамогу парку культуры і адпачынку імя А.В. Суворава, падтрымлівае будаўніцтва праваслаўных храмаў, прымае актыўны ўдзел ва ўсіх раённых мерапрыемствах – усяго не пералічыць. Шмат цікавага прадпрыемства плануе прапанаваць кабрынчанам і ў святочныя дні.Дарэчы, у гэты юбілейны год наш горад атрымае ад “Палесся” яшчэ адзін падарунак – зараз ідуць апошнія падрыхтоўчыя работы да адкрыцця новага буйнога гадлёвага цэнтра. Прычым прадстаўлена ў ім будзе не толькі прадукцыя прадпрыемства, але і шырокі асартымент самых разнастайных тавараў як прамысловай і бытавой груп, так і прадуктаў харчавання. У цэнтры таксама плануецца шырокае выкарыстанне новых тэхналогій – на гэты раз у сферы абслугоўвання кліентаў, для чаго праводзіцца навучанне персаналу і закупаецца адпаведнае абсталяванне.Аднак не будзем забягаць наперад. Як вядома, найлепшы падарунак – той, у якім да самага апошняга моманту захоўваецца доля сюрпрызу. Тым больш, калі падарунак зроблены на самай справе з душою і з любоўю – да сваёй зямлі, да свайго горада і да ўсіх яго жыхароў.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях: