Шануючы памяць
Калі мы гаворым пра вайну, то часцей за ўсё ўспамінаем Вялікую Айчынную як беспрэцэдэнтны прыклад мужнасці і гераізму ўсяго народа нашай у той час яшчэ адзінай вялікай краіны. Аднак, калі зазірнуць глыбей у гісторыю, то стане зразумела: гэта не адзіная вайна, якая пракацілася болем і смерцю праз нашу шматпакутную зямлю. Адной з іх з’яўляецца Першая сусветная, памяць аб ахвярах якой і сёння захоўваецца ў вёсцы Тэўлі, дзе пахаваны 180 салдатаў рускай арміі, загінуўшых у гэтых мясцінах у далёкім 1915 годзе. Нядаўна ў рамках суботніка “Зялёная вясна” і акцыі “Манументы перамогі” Кобрынскага УМГ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” на мемарыяле была праведзена грунтоўная рэканструкцыя.
- Штогод сіламі нашага філіяла аднаўляецца адзін з падобных аб’ектаў, - расказвае намеснік начальніка Кобрынскага УМГ Васілій Хурсін. – Пачыналася гэтая работа з Брэсцкай крэпасці, пасля мы працавалі ў скверы Пуганава ў Кобрыне, на помніку партызанам з атрада імя Катоўскага каля вёскі Гірск. Сёлета па ўзгадненні з мясцовай уладай нам быў вызначаны гэты помнік, які з цягам часу пачаў патрабаваць увагі. Гэта наша памяць, і на такіх фактах мы павінны выхоўваць нашых дзяцей.
Як адзначае Васілій Сцяпанавіч, сур’ёзнасць гэтай работы ў калектыве разумеюць усе – ад жадаючых прыняць удзел у навядзенні парадку літаральна няма адбою. Сіламі Кобрынскага УМГ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” былі падняты і пакладзены пад адзін узровень надмагільныя камяні, якія з часам схаваліся ў зямлі і зараслі мохам, адноўлены помнік “Маці ў смутку”, пафарбаваны крыж, які ў 1997 годзе разам з агароджай быў устаноўлены студэнтамі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, нанава выведзены ўсе надпісы на мемарыяльных дошках. Не засталася без увагі і тэрыторыя пахавання, якая набыла прыгожы і чысты выгляд. Адным словам – папрацавалі на славу!
- Акрамя 180 салдатаў, якія загінулі ў баях з германскай арміяй, тут пахаваны 50 чырвонаармейцаў, забітых у баях з белапалякамі ў 1920 годзе, - расказвае старшыня Тэвельскага сельвыканкама Іна Кузняцова. – Хацелася б выказаць словы самай шчырай удзячнасці супрацоўнікам Кобрынскага УМГ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” за тую вялікую работу, якая была выканана на гэтым аб’екце, і за тое, што гэтая арганізацыя не застаецца абыякавай да нашай гісторыі.
Дарэчы, цікавы факт: побач з салдатамі царскай арміі і чырвонаармейцамі тут пахаваны і нямецкія салдаты Першай сусветнай. Так Кобрыншчына стала апошнім прытулкам для прадстаўнікоў трох гістарычных дзяржаў, якія воляю лёсу знайшлі свой вечны спакой на тэвельскай зямлі.
Дзмітрый БЯЛОЎ.НА ЗДЫМКУ аўтара: (злева направа) галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Русіна, Васілій Хурсін і Іна Кузняцова на тэрыторыі пахавання.
Поделиться в соцсетях: