Чт, 23 мая 2024
Прогноз погоды

Лагерь со своими традициями

29/06/2015 Молодёжь

Тры гады запар на базе ДУА “Кіселявецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” пры падтрымцы ААТ “Кісялёўцы” і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама дзейнічае лагер працы і адпачынку (палатачны лагер з кругласутачным знаходжаннем). Як паведаміла дырэктар школы Ірына Зінкевіч, летняе аздараўленне ў такім фармаце карыстаецца попытам.
Сёлета, замест запланаваных 30 выхаванцаў, тут адпачывалі 36 - дзеці з мясцовай школы, Балоцкай базавай і Залескай сярэдняй школ, а таксама сярэдняй школы № 3 горада Кобрына. Пры наборы перавага аддавалася дзецям са шматдзетных, апякунскіх і няпоўных  сем’яў.
Летнік дзейнічаў з 13 па 21 чэрвеня пад назвай “Гарачыя сэрцы”.  Нязменным застаўся склад кіраўніцтва лагера – яго начальнікам па-ранейшаму была Святлана Гардзіюк, а старшым выхавальнікам – Вольга Грыневіч. Не змянілася і стаўленне педагогаў да арганізацыі адпачынку дзяцей: выхаваўчая работа планавалася, зыходзячы  з іх інтарэсаў і тых значных падзей, якія адбываліся ў краіне. Культурна-масавым мерапрыемствам папярэднічала працоўная дзейнасць, якую выхаванцы ажыццяўлялі на розных аб’ектах. 6 чалавек былі задзейнічаны ў відавой праполцы насенных участкаў збожжавых культур у мясцовай гаспадарцы, астатнія былі заняты на добраўпарадкаванні.
Галоўнай місіяй арганізатары лагера бачылі стварэнне калектыву, раскрыццё асобы кожнага выхаванца. Згадзіцеся, за 9 дзён згуртаваць дзяцей  – работа нялёгкая. Аднак педагогам школы штогод удаецца дабівацца добрых вынікаў. У 2013 годзе летнік Кіселявецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы “Летнія пчолкі” на рэспубліканскім узроўні быў адзначаны дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “Лепшы лагер працы і адпачынку”. У 2014 годзе – летнік “Мурашнік” быў прызнаны пераможцам у вобласці і адным з лепшых у рэспубліцы.
Як зараджаліся традыцыі лагера, добра ведае вучань Кіселявецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Міхаіл Калбянёў. Хлопец не прапусціў ніводнай лагернай змены. За тры гады ў летніку ён знайшоў шмат сяброў. “Як можна пасябраваць за такі кароткі тэрмін?” – цікаўлюся ў шаснаццацігадовага юнака. У адказ – мноства доказаў. Тэматычныя дні з шэрагам мерапрыемстваў, якія  старанна рыхтаваліся, вячэрнія “агеньчыкі” з песнямі пад гітару, задушэўныя размовы.
Выхаванцы лагера наперабой расказвалі, што ім асабліва запомнілася. Аматары спорту з захапленнем дзяліліся ўражаннямі ад сяброўскіх сустрэч па валейболе і футболе з выхаванцамі Хідрынскага працоўнага лагера, ад паездкі на футбольны матч у Кобрын. Шмат эмоцый атрымалі дзеці ад канцэрта, з якім выступалі перад жыхарамі вёскі Рыбна і аграгарадка Кісялёўцы. Запомнілася і экскурсія ў спаленую вёску Арол, вёскі Палагін і Рыбна.   Запамінальнай была сустрэча з паэтамі Кобрыншчыны - Ігарам Сідаруком і Людмілай Ярмалюк. Эмоцыі значна ўзмацніліся, калі ва ўрачыстай атмасферы дзеці атрымалі працоўныя кніжкі. Іх твары выпраменьвалі такое святло, якое можа дарыць толькі стваральная праца.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости