Вт, 15 октября 2024
Прогноз погоды

Кобрынскія выпускнікі развіталіся са школай.

05/06/2014 Молодёжь Образование

Мы часта не заўважаем, як хутка растуць нашы дзеці. Пакуль аднойчы раптам не зразумеем: яны ўжо сталі дарослымі. Менавіта таму апошні званок - заўсёды крышачку сумная ўрачыстасць. Але гэта - добры і правільны сум. Таму што ў такія моманты разам з адчуваннем няўмольнага бегу нашых уласных гадоў лепш за ўсё разумееш – яны былі пражытыя недарэмна.

Такім этапам у жыцці стаў гэты суботні дзень для тысяч настаўнікаў, бацькоў і вучняў. Сярэдняя школа № 2, куды мы завіталі крышачку раней, чым пачалася ўрачыстая лінейка, сустрэла нас дзіўнай цішынёй. Тут ішоў апошні, развітальны ўрок, у час якога выпускнікі маглі, бадай што, у апошні час адчуць сябе школьнікамі, успомніць мінулыя гады – ды свае першыя ўрокі разам са сваёй першай настаўніцай. І нават згуляць ролю ў апошняй школьнай тэатральнай мініяцюры, нібыта рыхтуючыся да будучых складаных і шматгранных сацыяльных роляў, якіх зусім хутка будзе патрабаваць дарослае жыццё.

- Сённяшні дзень, як ніякі іншы, напоўнены дабром - добрыя ўсмешкі, добрыя слёзы развітання, - адзначыў у час урачыстай лінейкі старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. - І, гледзячы на нашых дзяцей, на нашых выпускнікоў, вельмі хочацца, каб яны на самай справе аказаліся гатовымі да нашага зусім няпростага жыцця і да ўсіх яго выпрабаванняў. А мы будзем маліцца за іх усіх – і за тое, каб усё ў іх атрымалася.

Выпускнікі развітваюцца са школай, дзе іх вучылі чытаць, пісаць - і спачуваць, складваць, дзяліць – і любіць сваю краіну, разбірацца ў навуках і ў людзях. Выпускнікі развітваюцца са школай, дзе настаўнікі прыкладалі ўсе намаганні для таго, каб з гэтых сцен яны выйшлі дастойнымі людзьмі і сапраўднымі грамадзянамі. Выпускнікі развітваюцца са школай, а ў неба, развітваючыся з зямлёю, нібыта чыстыя дзіцячыя мары, узнімаюцца рознакаляровыя паветраныя шарыкі…А пасля ўрачыстай лінейкі выпускнікі разам з першакласнікамі, нібыта жывы сімвал яднання будучыні і сучаснасці, усклалі кветкі да помніка ў скверы Пуганава, ушаноўваючы памяць тых, хто калісьці аддаў жыццё за гэтую самую будучыню. За тое, каб нараджаліся і вырасталі дзеці, каб ішлі ў свет новыя выпускнікі, каб год за годам выціралі слёзы радасці і добрага, цёплага суму іх бацькі і настаўнікі. І каб працягвалася жыццё…Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу