Сб, 14 сентября 2024
Прогноз погоды

Кобрынскі аквапарк: каб не выліваліся сродкі ў трубу

15/01/2013

Аздараўленчы цэнтр "Аквапарк г. Кобрын" існуе з лістапада 2009 года. Гэта месца палюбілася многім кабрынчанам і гасцям горада. Тут можна не толькі добра адпачыць, але і прайсці шэраг аздараўленча-медыцынскіх працэдур. Але сёння мы не будзем засяроджвацца на розных выгодах і зручнасцях, якія прадастаўляе аквапарк, а звернем увагу на такі бок яго дзейнасці, як рэнтабельнасць і магчымасць скарачэння даволі значных затрат. Паколькі няма ніякага сакрэту ў тым, што аквапарк хоць і з'яўляецца ўпрыгажэннем нашага горада, аднак і расходы нясе вялікія: вады, электраэнергіі і інш.

Таму з лістапада 2011 года аквапарк стаў адным з падраздзяленняў КУШВП ЖХГ "Кобрынская ЖКГ". Аб тым, якім чынам паўплываў гэты крок на агульную дзейнасць аквапарку, мы гутарым з намеснікам дырэктара КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” па турызме і аздараўленні насельніцтва Вадзімам КАХНОЎСКІМ:

- Будзем шчырымі: калі аб'ект вяліказатратны, то за некалькі месяцаў дамагчыся яго рэнтабельнасці даволі цяжка. І ўсё-такі тыя крокі, якія ўжо зроблены і якія запланаваны, дазваляюць нам з кожным днём адчуваць сябе лягчэй. Рэарганізацыя і далучэнне аквапарку да камунальнай гаспадаркі далі магчымасць яшчэ болей актыўна прадастаўляць шырокі спектр санаторна-курортных паслуг, у прыватнасці, аздараўленчы цэнтр узмоцнена асвойвае расійскі рынак. Тым больш, што цяпер у адзінай арганізацыйна-штатнай структуры знаходзіцца гасцініца "Беларусь", і аквапарк дае для яе значны прыток кліентаў. Сёння мы актыўна прасоўваем у жыццё аздараўленчую праграму "Дабрыня", якая асабліва шырока рэкламуецца тураператарамі, у сродках масавай інфармацыі ў Расійскай Федэрацыі і дзякуючы якой толькі ў калядны перыяд аквапарк наведалі 156 чалавек, а ў жыллёвым фондзе было задзейнічана каля 900 чалавека-дзён: прычым не толькі ў гасцініцы, але і ў аграсядзібах, прыватным фондзе...

- Вадзім Яўгенавіч, і ўсё-такі, ці можаце назвать некалькі, скажам так, асноўных пунктаў, дзякуючы якім сапраўды аквапарк сёння мае адчувальную эканомію сродкаў і рэсурсаў?

- У хуткім часе ў аздараўленчым цэнтры будзе ўведзена збалансаваная сістэма кантролю і ўліку расходавання электраэнергіі. Зусім нядаўна па прапанове адной з нямецкіх кампаній мы правялі выпрабаванні па энергазберагаючай тэхналогіі падагрэву вады з устаноўкай лічыльнікаў расходавання электраэнергіі на ванну вертыкальнай выцяжкі з выкарыстаннем салярнай плёнкі. Эксперымент паказаў, што дзякуючы такому кроку ёсць рэальная эканомія энергіі ў межах 30%, а сам эканамічны эфект наступае прыблізна праз 1,5 месяца. Паколькі каля 70% страт цяпла атрымліваецца за кошт выпарэнняў, будзем устанаўліваць падобную сістэму эканоміі цеплавой энергіі спачатку на басейн з атракцыёнамі і на плавальны басейн, што дазволіць значна знізіць расходы вады і кандэнсаванне паветра. Яшчэ адзін немалаважны фактар эканоміі - скарачэнне адміністрацыйна-штатнага апарату, за кошт чаго зніжаны фонды заработнай платы. Распрацаваны і падрыхтаваны праект па ўстаноўцы станцыі рэкуперацыі вады ў медыцынскім аддзяленні аздараўленчага цэнтра. Нарэшце, сёння мы маем магчымасць атрымліваць цеплаэнергію практычна па сабекошце, заказваць розныя рамонтныя работы, выконваць тую ж чыстку ад снегу і задавальняць іншыя бягучыя патрэбы сумесна з камунальнікамі болей танна і аператыўна. У мэтах эканоміі рэсурсаў і сродкаў прадугледжаны і іншыя меры.

Гутарыў Ігар СІДАРУК.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу