Даўно мінулі часы, калі над Зімнім палацам Санкт-Пецярбурга ўпершыню ўзвіўся чырвоны сцяг, аднак менавіта падзеі кастрычніка 1917-га года сталі пераломным этапам, пасля якога жыццё нашага грамадства пайшло ў новым накірунку. Кобрыншчына адзначыла дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.
- Гэтая дата аказала істотны ўплыў на ход нашай гісторыі, мы не толькі захавалі вопыт і дасягненні старэйшых пакаленняў, але і памножылі патэнцыял, - адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. – У жыцці кожнага народа ёсць падзеі, якія нельга забываць, і сёння важна не перапісваць гісторыю, а ўсведамляць яе ўрокі.
Менавіта так адбываецца ў нашай краіне, якая займае дастойнае месца ў міжнародным супольніцтве, вядзе міралюбівую палітыку і развівае партнёрскія і добрасуседскія адносіны з усімі краінамі. На ўрачысты мітынг, які адбыўся на цэнтральнай плошчы горада прыйшлі ветэраны, моладзь, прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улад, калектывы прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Да помніка Леніна кладуцца вянкі як сімвал таго, што мы помнім гісторыю нашага народа, нават калі яе падзеі былі не самымі адназначнымі, і цэнім мір на нашай зямлі, які з’яўляецца найбольшай каштоўнасцю.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: урачысты мітынг на плошчы Леніна.
Поделиться в соцсетях: