Главная / Новости / Узнали, как добраться на работу после закрытия моста. Схемы проезда автобусов
Кобрын: “Дажынкі-2009” Лядовая арэна. Першыя выпрабаванні – у жніўні
24/06/2009
Здаецца, зусім нядаўна лядовая арэна ўяўляла сабой адну велізарную будаўнічую пляцоўку без якіх-небудзь акрэсленых выяў. А сёння ўжо кожны, хто праязджае праз стары мост, можа ўбачыць узведзены корпус новага аб’екта.Мы наведалі месца будоўлі разам з галоўным інжынерам КУП “КобрынрайУКБ” Мікалаем Гладышчуком. Сапраўды, тэмпы, у якіх расце гмах новага будынка, уражваюць.
- Зараз на аб’екце працуе каля 150 чалавек. Можна адзначыць, што ўжо на 85-90% выкананы тынковачныя работы, практычна закончаны дах і чарнавая электрыка адміністрацыйнага комплексу, зроблена больш за палову даху непасрэдна над лядовым полем, - расказвае Мікалай Фёдаравіч. - На 90% закончаны і дах так званай уваходнай групы, працягваецца мантаж вентыляцыйных сістэм. Усе работы вядуцца комплексна - працуюць сантэхнікі, аддзелачнікі, тынкоўшчыкі, вядзецца падрыхтоўка лядовага поля.
Адзін з іх - Анатоль Марчук, брыгадзір цяслярнай брыгады ПМК-57 – арганізацыі, якая з’яўляецца генеральным падрадчыкам, на лядовай арэне працуе з самага пачатку, літаральна з першых закладзеных цаглін. Адказнасць, прафесійнасць і сумленнасць – вось словы, якія найбольш дакладна характарызуюць гэтага чалавека. Менавіта яго брыгада займаецца практычна ўсімі відамі работ, акрамя хіба толькі муравання. Мантаж рыўтаванняў, апалубкі, бетанаванне, ўпарадкаванне параднага ўваходу - зараз надышла чарга лядовага поля. Будаўнікі, як высветлілася, называюць яго... “пірагом”.
- Ведаеце, калі зірнуць на гэтае поле, што называецца, у профіль, у разрэзе – то больш за ўсё яно нагадвае слоенае цеста, - расказвае Анатоль Марчук. - Каб зрабіць такое поле, пад якім, дарэчы, толькі адных труб пракладзена паўтара кіламетра, патрабуецца 16 этапаў - зараз мы знаходзімся ўжо на восьмым. Наперадзе – сцяжка з цэментнага раствору, агрунтоўка, некалькі гідраізаляцыйных слаёў, слой плёнкі з графітавай эмульсіяй, бетонная пліта з трубаправодамі холадазабеспячэння, і толькі пасля ўсяго гэтага - лёд.
Сённяшні этап - укладка полістырольна-бетонных пліт, якія выконваюць функцыю ўцяпляльніка. Гудуць газавыя гарэлкі, пахрустваюць пад нагамі пліты... Пройдзе некалькі месяцаў – і на іх месцы будзе гладкая лядовая паверхня, на якой будуць катацца на каньках і з дзяцінства прывыкаць да здаровага ладу жыцця нашы дзеці. Тут будуць праходзіць канцэрты і культурныя мерапрыемствы – новых трыбун на 800 месцаў хопіць на ўсіх жадаючых. А для аўтааматараў пабудуюць камфартабельныя аўтастаянкі – іх контуры ўжо вызначаюцца на тэрыторыі каля лядовай арэны. Увогуле, з даху арэны адкрываецца цікавы краявід, які хутка дапоўніць новая набярэжная. Але гэта ўжо іншая тэма, якая заслугоўвае асобнай увагі.
Што ж датычыцца тэрмінаў работ, то, як адзначыў на развітанне Мікалай Гладышчук, чакаць засталося нядоўга – першыя выпрабаванні абсталявання Лядовай арэны плануецца правесці ўжо ў жніўні.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: цясляр 4 разраду Валерый Шумілаў (злева) і брыгадзір брыгады цесляроў Анатоль Марчук.