Прогноз погоды
Чт, 03 июля 2025

Капітан ФК «Кобрын» Аляксандр Лацук: “Галоўнае – мець волю да перамогі”

11/04/2012 Молодёжь

Кобрынскія балельшчыкі пасля зімовага перапынку з нецярплівасцю чакаюць першых матчаў вялікага футбола, якія хутка адбудуцца на стадыёне “Юнацтва”. Свае сустрэчы з сапернікамі будуць праводзіць і спартсмены футбольнага клуба “Кобрын” на чале са сваім нязменным капітанам Аляксандрам Лацуком.

Паводле слоў старшыні мясцовага ФК Сяргея Кожуха, Саша на працягу шэрагу гадоў з’яўляецца своеасаблівай “візітнай карткай”  усёй каманды. У жыцці ён сціплы і нешматслоўны. Аднак, калі малады чалавек выходзіць на футбольнае поле, яго яркая, атакуючая манера гульні і высокая рэзультатыўнасць красамоўна сведчаць аб вялікім патэнцыяле гэтага спартсмена, яго стабільна добрай спартыўнай падрыхтоўцы.

- Ведаеце, быць лідарам кобрынскіх футбалістаў - вельмі адказна, гэта патрабуе ад спартсмена ўзорнай самадысцыплінаванасці, стабільнага эмацыянальнага стану, здольнасці ў працэсе матча прымаць адзінае правільнае рашэнне літаральна за імгненні, - сведчыць Аляксандр.  – Колькі разоў прыходзілася  выпраўляць складаныя сітуацыі на полі, калі лік быў вельмі трывожным. Галоўнае – верыць у свае сілы і ніколі не страчваць волю да перамогі.

Лідару кобрынскіх футбалістаў споўнілася 25 гадоў. Усё сваё сумленнае жыццё Саша прысвяціў спорту. У працэсе вучобы ў школе,  ДПТК будаўнікоў, Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя А.С. Пушкіна, хлопец літаральна жыў футболам, амаль кожны дзень старанна трэніраваўся, удзельнічаў у разнастайных турнірах і чэмпіянатах.

Неяк у 2009 годзе майстарскую гульню нашага земляка на адным са збораў заўважыў галоўны трэнер каманды “Хураган” з г. Менджыжац-Падляскі (Польшча) і прапанаваў яму супрацоўніцтва за мяжой. Аляксандр прыняў такую прапанову.

Польскія футбалісты вельмі цёпла прынялі навічка ў сваёй камандзе. У “Хурагане” Аляксандр адразу ж дзякуючы сваёй падрыхтоўцы заваяваў высокі аўтарытэт і павагу. Палякі заўсёды трымалі кабрынчаніна, як “сакрэтную зброю” для сапернікаў і таму Аляксандр Лацук у асноўным прымаў удзел у самых напружаных і адказных матчах.

Праз год кабрынчанін вярнуўся дадому і вырашыў прысвяціць сябе мясцоваму спорту. З удзелам Аляксандра наша каманда стала чэмпіёнам Брэсцкай вобласці па вялікім футболе, дасягнула пэўных вышынь і ў пляжнай гульні з мячом. У халодныя месяцы, каб падтрымаць сваю форму, капітан ФК “Кобрын” гуляў яшчэ і ў міні-футбол. Летась і сёлета яго запрашалі ў Брэсцкую эліт-лігу ў славутую каманду “Сцім”, якая дайшла да чвэрцьфіналу абласнога турніру. Цяпер Аляксандр працуе ў фірме “Жылбудкамплект”, дарэчы, кіраўнік якой Ілья Волах –  член праўлення ФК “Кобрын”. Пажадаем Аляксандру Лацуку і яго дружыне поспехаў і новых бліскучых перамог!

Раман Мельнік.

На здымку: Аляксандр Лацук.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях: