Рабочыя сустрэчы з працоўнымі калектывамі старшыні Брэсцкага аблвыканкама маюць асаблівае значэнне. У такіх мерапрыемстваў адбываецца канструктыўная, шчырая размова, аператыўна аналізуюцца праблемныя сітуацыі не толькі вытворчай сферы, але і іншыя пытанні. Ранішняя змена для супрацоўнікаў філіяла РУВП “Брэстхлебпрам” “Кобрынскі хлебазавод” 9 снежня распачалася з дзелавой сустрэчы, у якой прынялі ўдзел Канстанцін Сумар, генеральны дырэктар РУП “Брэстхлебпрам” Леанід Брыч і старшыня Кобрынскага райвыканкама Мікалай Кенда.
У сваім выступленні Канстанцін Андрэевіч дэталёва прааналізаваў вынікі цяперашняй пяцігодкі.
- Нават цяжка ўспамінаць тую карціну, якая панавала ў краіне ў пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, - адзначыў Канстанцін Андрэевіч. - Тым не менш, мудры і свядомы беларускі народ быў здольны кансалідавацца і прыняць адзінае правільнае рашэнне – выбраць дастойнага кіраўніка дзяржавы. Наступствы фінансавага крызісу “падкасілі” эканомікі шэрагу развітых краін. Беларусі ўдалося не толькі выжыць у такіх умовах, але і працаваць з нядрэннымі паказчыкамі.
Абноўленая матэрыяльна-тэхнічная база, намаганні працаўнікоў прамысловых і сельгаспрадпрыемстваў далі свой плён. Так, напрыклад, на чатыры працэнты ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся найважнейшы эканамічны паказчык - тэмп росту напаўняльнасці бюджэту вобласці. Сёлета ён склаў 116 працэнтаў. Высокую дынаміку мае вытворчасць малака, мяса і іншай сельгаспрадукцыі. Дзякуючы дзяржаўнай Праграме адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады зусім іншы знешні выгляд і сацыяльную і вытворчую інфраструктуру цяпер маюць аграгарадкі Брэстчыны. Тут праводзіцца добраўпарадкаванне, будуюцца ФАПы і дзіцячыя садкі. Задача на наступную пяцігодку яшчэ больш сур’ёзная – мадэрнізаваць жывёлагадоўчыя комплексы, якія працуюць па ўстарэлых тэхналогіях, і пабудаваць яшчэ 340 аналагічных аб’ектаў.
Дзякуючы вызначанаму курсу краіны захаваны клас прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Толькі на тэрыторыі вобласці працуюць больш за 35500 індывідуальных прадпрымальнікаў і каля 9000 малых прыватных прадпрыемстваў. Падтрымка гэтай праслойкі насельніцтва мае вялікую рацыю, падкрэсліў Канстанцін Сумар, паколькі кожны восьмы рубель у бюджэт вобласці паступае менавіта ад бізнесменаў. Дзякуючы ім створана больш за 120000 новых працоўных месцаў. У бліжэйшай будучыні будуць уведзены тыя льготы і прэферэнцыі для “прыватнікаў”, якія б у выніку дазволілі ўвайсці Беларусі ў лік 50 краін з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. Таксама вызначана праграма, дзякуючы якой не толькі зменшаны працэнт і тэрміны выплаты крэдытаў, але і скарочаны час на атрыманне жылля. Канстанцін Сумар падкрэсліў, што на наступную пяцігодку ўсе сферы вобласці ўзялі на сябе павышаныя абавязацельствы, якія павінны быць выкананы. Трэба таксама павялічыць прадукцыйнасць працы, даць людзям магчымасць атрымліваць дастойныя заробкі, надаваць пільную ўвагу эканоміі і беражлівасці, прафілактыцы п’янства і алкагалізму.
У адрас Канстанціна Сумара і Мікалая Кенды паступілі пытанні з аўдыторыі, якія тычыліся праблем добраўпарадкавання, сезоннага падтаплення прыватных сядзіб, свабоднага гандлю айчыннай прадукцыяй на ўнутраных рынках і інш. Па сутнасці зваротаў будуць прымацца адпаведныя рашэнні.
Госці прадпрыемства ўважліва азнаёміліся з вытворчасцю хлебазавода. Асаблівую зацікаўленасць у Канстанціна Сумара выклікала новая італьянская лінія па вытворчасці кандытарскіх вырабаў, якія ўжо паступілі ў гандлёвую сетку Кобрыншчыны.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: Канстанцін Сумар (у цэнтры), Леанід Брыч (злева), Мікалай Кенда і дырэктар філіяла РУВП “Брэстхлебпрам” “Кобрынскі хлебазавод” Аляксандр Хамук у час дэгустацыі прадукцыі прадпрыемства.
Поделиться в соцсетях: