Мы ўсе – вельмі розныя, аднак аднолькава любім святы, шчырыя ўсмешкі і падарункі. Шэраг навагодніх імпрэз для розных катэгорый дзяцей прайшоў 30 снежня на базе Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. У мерапрыемствах прыняў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук.
У гэты дзень мерапрыемствы прайшлі для дзяцей, якія пражываюць у дзіцячых дамах сямейнага тыпу ці ў апякунскіх сем’ях, для дзяцей-інвалідаў і для вучняў, якія маюць поспехі ў вучэбнай і іншых відах дзейнасці.
Ва ўрачыстай Іван Даўжук і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Радковіч уручылі дыпломы пераможцам ІІ этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і святочныя падарункі.
– Гэтыя дзеці – гордасць для бацькоў, для настаўнікаў і для ўсіх нас, - падкрэсліў Іван Аляксеевіч. – Ужо сёння яны ставяць перад сабой высокія мэты і дабіваюцца выдатных вынікаў. Хочацца пажадаць ім заставацца пераможцамі і далей радаваць нас сваімі дасягненнямі.
Выдатным сюрпрызам для ўсіх прысутных стаў святочны спектакль “Навагодняя чароўная формула”, падчас якога гледачы разам з казачнымі героямі атрымалі магчымасць пераканацца ў тым, што сапраўдная душэўная цеплыня здольная растапіць любы лёд, а дружба і ўзаемавыручка - пераадолець любыя перашкоды. Яркая і эмацыянальная гульня акцёраў у спалучэнні з агульнай атмасферай сапраўднага свята выдатна зрабілі сваю справу – у зале не было свабодных месцаў. А ці можа быць інакш напярэдадні самага чароўнага свята – калі так хочацца верыць у цуды?
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота: Дзмітрый БЯЛОЎ.
Іван Даўжук уручае дыпломы пераможцам ІІ этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах;
Святочны спектакль “Навагодняя чароўная формула”.
Поделиться в соцсетях: