Прогноз погоды
Вт, 01 июля 2025

Ірына КАСЦЕВІЧ: “Дабрабыт у нашых руках”

07/02/2019

Удасканаленне матэрыяльнай падтрымкі сем’яў, дэмаграфія краіны, пенсіённае забеспячэнне і работа сацыяльных устаноў Кобрыншчыны – галоўныя пытанні, якія знайшлі свой разгляд падчас візіту на Кобрыншчыну міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірыны Касцевіч у рамках рэспубліканскага дня інфармавання.

Пасля прыёму ў старшыні Кобрынскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча дэлегацыя накіравалася на градаўтваральнае прадпрыемства Кобрыншчыны – СТАА “ВП Палессе”. Пасля кароткай экскурсіі Ірына Касцевіч сустрэлася з працоўным калектывам.

У нашай краіне робіцца многае для падтрымкі інстытута сям’і. Ірына Анатольеўна сярод іншага расказала аб прапановах, якія абмяркоўваюцца, выкарыстання сямейнага капіталу для будаўніцтва ці набыцця жылля, якое з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў сям’і. У Беларусі захоўваецца аплатны водпуск па доглядзе за дзіцём да трохгадовага ўзросту, што не такая частая з’ява. Міністр падкрэсліла, што работа ў гэтым накірунку працягваецца. Так, вядзецца перагляд дапамог, якія выплачваюцца пры нараджэнні дзяцей.

Асаблівая ўвага была нададзена пытанням пенсіённага забеспячэння. Як падкрэсліла Ірына Касцевіч, не заўсёды людзі думаюць пра заўтрашні дзень і аддаюць перавагу нелегальным заробкам. Калі ж надыходзіць час пенсіённага ўзросту, узнікаюць пэўныя праблемы – чалавек працаваў, атрымліваў зарплату, але не рабіў адлічэнняў у пенсіённы фонд ці не плаціў падаткаў. Міністр акцэнтавала ўвагу на добраахвотнай накапляльнай пенсіённай сістэме, якая існуе ў некаторых краінах свету. Працуе яна і ў нас, аднак карыстаюцца ёй пакуль толькі 4% працуючых грамадзян. Між тым, гэта адна з магчымасцяў забяспечыць сабе камфортны адпачынак на пенсіі. Сустрэча прайшла ў рэжыме жывога дыялогу – работнікі СТАА “ВП Палессе” задалі міністру шэраг пытанняў, якія тычыліся ў тым ліку працоўнай занятасці, адносінам у калектывах, сістэмы аплаты бальнічных.

Сустрэча мела працян у сацыяльных установах – Кобрынскім псіханеўралагічным Дома-інтэрнаце для інвалідаў і Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ірына Касцевіч пазнаёмілася з умовамі пражывання ў доме-інтэрнаце, у якім нядаўна завяршылася маштабная рэканструкцыя, з задавальненнем праслухала невялікі канцэрт, які падрыхтавалі падапечныя.  У Кобрынскім ТЦСАН міністр наведала аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, дзе паназірала, як вядуцца заняткі з матулямі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, пагутарыла з удзельнікамі клубаў для пажылых, якія працуюць пры аддзяленні дзённага наведвання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту. Цёпла і душэўна прайшла сустрэча з маладымі інвалідамі, якія падарылі міністру на памяць самаробныя сувеніры. Ірына Анатольеўна высока ацаніла работу, якая праводзіцца з рознымі катэгорыямі насельніцтва на Кобрыншчыне, і пажадала супрацоўнікам сацыяльнай службы далейшых поспехаў на гэтым непростым шляху.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

На здымку аўтара: міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльна абароне Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Скробат (у цэнтры) у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага ТЦСАН.

 

Поделиться в соцсетях: