«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…». Глыбокі сэнс радкоў з верша беларускага паэта Алеся Ставера, што ўвекавечылі ў адной са сваіх песень легендарныя «Песняры», Ірына Амельянчук зразумела, калі ўпершыню аказалася далёка ад Беларусі.
Дзяўчыне хапіла ўсяго некалькі месяцаў знаходжання ў Кітаі, каб упэўніцца ў тым, што мілейшага, чым родны куточак, дзе лета пахне рамонкамі, восень плача ціхім дажджом, зіма скрыпіць пад нагамі лёгкім марозцам, а вясна вітае бурлівымі ручаямі, няма.
Ірына нарадзілася ў вёсцы Залессе, вучылася ў сярэдняй школе № 7 г. Кобрына. Пасля заканчэння паступіла на завочнае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Яшчэ падчас вучобы ў школе аднакласніца прыцягнула дзяўчыну ў мадэльнае агенцтва ў Брэсце. Не заўважыць прыродную прыгажосць Ірыны там не маглі, як і яе глыбокі ўнутраны свет. У Брэсце Ірыне дапамаглі заключыць кантракт з адным з кітайскіх агенцтваў:
– Мадэльны свет на самай справе не такі рамантычны, як можа камусьці паказацца з экранаў тэлевізараў. Фотасесіі, доўгія чэргі перад здымкамі, частыя пералёты… Безумоўна, да ўсяго можна прывыкнуць. А вось туга па Радзіме… З ёй я не змагла справіцца. Калі закончыўся кантракт і пакідала Кітай, у думках было: больш ніколі сюды не вярнуся. Але так здарылася, што прыехала зноў.
Другі раз Ірына пражыла ў Паднябеснай 4 месяцы.
– Кітай – вялікая дзяржава з магутнымі тэхналогіямі, якая вельмі імкліва развіваецца. Я жыла ў гарадах, а там – дамы, дамы, высокія, у шмат паверхаў, праз іх не змагла разглядзець душу. Можа б, калі давялося пабываць у іх вёсачках, на прыродзе, якую я вельмі люблю, уражанні былі б іншыя. Што датычыць людзей… Менталітэт зусім іншы. Беларусу цяжка да яго прывыкнуць, хіба толькі, калі доўга там пражыць.
Пакуль Ірына звязваць сябе кантрактамі з мадэльнымі агенцтвамі не хоча, але не выключае, што ўсё можа быць. На першым плане ў яе зараз творчасць – музыка.
Яна расла ў творчай сям’і: маці – Наталля Вітальеўна – выкладчык музыкі, рэгент у царкоўным хоры, бацька Андрэй Міхайлавіч – удзельнік народнага ансамбля «Росніца» пры Кобрынскім Палацы культуры. Вялікую ролю на фарміраванне светапогляду Ірыны адыгралі і сваякі:
– Бабуля – Вольга Іосіфаўна спявала ў хоры і з дзяцінства прывучала мяне да якаснай музыкі. А дзядуля – Віталь Аляксеевіч іграў на гітары, спяваў. Ён быў вельмі добры, клапатлівы, шчыры. На жаль, яго не стала, калі я знаходзілася ў Кітаі. Гэта пакінула незагойную рану ў сэрцы і паўплывала на маё меркаванне пра мадэлінг – доўгае знаходжанне ўдалечыні ад сям’і – таго не варта, бо самае важнае чакае нас дома, яно побач, у самых простых, на першы погляд, рэчах.
Сама Ірына прайшла моцную школу ўзорнай вакальнай студыі «Крыніца» пры Кобрынскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці, якой на той час кіравала Аксана Амельянюк. Дзяўчына піша вершы, песні і выконвае іх сама, прычым толькі на беларускай мове, слухачоў знаходзіць на інтэрнэт-пляцоўках.
– Запалі з урокаў беларускай літаратуры словы Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Яны і сталі штуршком, каб пісаць на ёй. Яна такая чыстая, празрыстая, мілагучная, у ёй ёсць душа, – прызнаецца субяседніца.
А яшчэ тонкая натура Ірыны знаходзіць вялікую асалоду ў фатаграфіі. Дзяўчына любіць спыняць імгненні:
– Прыгожае – яно ўсюды: у бабуліных маршчынках, вясёлцы, жытнёвым полі… Для мяне Беларусь – самая-самая, як і мая маленькая вёсачка. Гэта мая зямля – і толькі тут я адчуваю сябе шчаслівай.
З нядаўняга часу Ірына працуе фотакарэспандэнтам у нашай газеце, і ў яе гэта добра атрымліваецца.
Алена БАКУН
Фота з архіва Ірыны АМЕЛЬЯНЧУК
Поделиться в соцсетях: