Прогноз погоды
Ср, 27 августа 2025

Идти по жизни с «Кобрынскім веснікам»

29/09/2014 Социум

Гэта меўся быць звычайны аўторак, такі, якіх шмат было ў жыцці аграгарадка Дзівін. Але музыка, якая пачала гучаць ля паштовага аддзялення сувязі(!), выклікала на гэты конт у дзівінчан сумненне.Сапраўды, Дзень падпісчыка, які ладзіўся ў вясковай пошце, ператварыўся ў свята - добрае, шчырае і вясёлае. Атрымалася яно дзякуючы сумесным намаганням старшыні Дзівінскага сельвыканкама Аляксандра Разанкі, супрацоўнікаў Дома культуры і прадстаўнікоў паштовага аддзялення. Пазнаёміцца са сваімі патэнцыяльнымі чытачамі і запрасіць да падпіскі ў гэты дзень у аграгарадок завіталі прадстаўнікі рэдакцыі газеты “Кобрынскі веснік” на чале з галоўным рэдактарам Раманам Мельнікам і старшы інструктар аддзела падпіскі Кобрынскага РВПС Алена Мініна.Першай нас сустрэла начальнік аддзялення паштовай сувязі Надзея Смяховіч. Абаяльная жанчына расказала, што сама з’яўляецца пастаянным падпісчыкам “раёнкі”, газета падабаецца, таму і суправаджае іх сям’ю ўсё жыццё.Чакаў нас ужо і першы падпісчык - Валянціна Давідзюк.- Колькі жыву, столькі часу і выпісваю “Кобрынскі веснік”, - гаворыць яна. - Калі газета прыходзіць, усю працу кідаю - і чытаю.Неўзабаве з’явіўся і старшыня сельвыканкама. Аляксандр Мікалаевіч яшчэ раней падпісаўся на газету. Ведаць мясцовыя, абласныя і рэспубліканскія навіны - не толькі прафесіянальны абавязак, але і асабістая яго зацікаўленасць.- Мая 77-гадовая маці заўсёды чытала і сёння чытае вашу газету, - дзеліцца з намі бібліятэкар Таццяна Гурыш. - І ў нашай бібліятэцы ёсць ваш шматгадовы чытач - Анастасія Вянско. Асабіста я люблю паэзію. Апошнім часам сталі друкавацца вершы нашай зямлячкі Надзеі Момлік, яе творчасць мне вельмі падабаецца. Да таго ж у нашай бібліятэцы вялікая краязнаўчая картатэка. Усімі публікацыямі, якія датычацца жыцця Дзівінскага сельсавета, мы ў першую чаргу папаўняем наш краязнаўчы фонд.

Атмасферу свята, музычную асалоду прыўнеслі мясцовыя музыкі і спевакі. Іх звонкія галасы сагравалі прысутных халаднаватым вераснёвым ранкам, які не спалохаў жадаючых падпісацца на газету і паслухаць канцэрт. Дарэчы, народнаму хору Дзівінскага Дома культуры, які дарыў свае песні, сёлета спаўняецца 50 гадоў. У Дзень падпісчыка нягледзячы на свой выхадны выступілі з задавальненнем.Лірычна і душэўна над Дзівінам гучалі песні фальклорнага гуртка. Таксама выступілі ансамбль гарманістаў і эстрадныя выканаўцы.

А падпіска працягвалася. Падпісчыкамі раённага выдання і ўладальнікамі памятных сувеніраў за некалькі гадзін сталі 44 жыхары Дзівіна. Старшага інструктара аддзела падпіскі РВПС Алену Пятроўну такі вынік здзівіў і задаволіў. Як нам расказала наша памочніца - паштальёнка Валянціна Радкавец, сёння былі нават тыя, хто ўжо зрабіў падпіску на іншыя выданні, але прыйшоў, каб спецыяльна падпісацца на “раёнку” ў Дзень падпісчыка.Дзякуй вам, дзівінчане, за актыўную дапамогу пры правядзенні свята і за тое, што былі і застаецеся нашымі чытачамі. Дзякуем за пажаданні, крытычныя заўвагі, шчырыя словы і сардэчнае цяпло. Спадзяемся, што гэта не апошняя сустрэча.Ірына ЛЕСІК.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях: