Будаўніцтва і рэканструкцыя дарог з’яўляецца асноўнай сферай дзейнасці ДБУ-42, якім кіруе Алег Буднікаў. І менавіта гэты год стаў для прадпрыемства своеасаблівым рэкордам – толькі за 9 месяцаў агульны аб’ём будаўнічых работ дасягнуў 13 мільярдаў 399 мільёнаў рублёў. Дарэчы, ільвіная доля ў гэтай суме – 8 мільярдаў 898 мільёнаў – прыйшлася на добраўпарадкаванне горада ў сувязі з падрыхтоўкай да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009”.
Што ж датычыцца канкрэтных вынікаў работы ўпраўлення, то па іх, паважаныя чытачы, мы з вамі літаральна ходзім і ездзім практычны кожны дзень. Вуліцы Пралетарская, Інтэрнацыянальная, Дзяржынскага, пад’язныя дарогі да парку імя А.В. Суворава – вось толькі некаторыя прыклады плённай працы ДБУ-42 у Кобрыне. А памятаеце, якім кашмарам для аўтааматараў была некалькі гадоў таму вуліца Дружбы? Тое, як яна выглядае зараз – таксама заслуга 42-га дарожна-будаўнічага ўпраўлення. Акрамя таго, прадпрыемствам была праведзена рэканструкцыя ўчастка ў 11 кіламетраў аўтадарогі М12 (ад Кобрына да мяжы з Украінай), бягучы рамонт аўтадарогі М 10 – што вядзе на Гомельшчыну, у бок Расійскай Федэрацыі, работы на новым Пінскім мосце і многае іншае. Зараз прадпрыемства прымае актыўны ўдзел у будаўніцтве Пружанскай міні-ГРЭС, ёсць вялікі фронт работ у Брэсце – у прыватнасці, у мікрараёне Вулька, працягваецца праца і ў Кобрыне.Зразумела, каб якасна і ў належны тэрмін выконваць усё гэта, патрэбна адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база. Як адзначыў Алег Буднікаў, павышэнне ўзроўню механізацыі вытворчасці і пастаяннае абнаўленне парку тэхнікі для прадпрыемства – справа неабходная.
- Калі весці гаворку пра мадэрнізацыю, то нешта новае ў нас з’яўляецца практычна кожны год, - расказвае Алег Пятровіч. - Вось, напрыклад, не так даўно на прадпрыемстве з’явіўся нямецкі асфальтаўкладчык “Фогель” коштам каля мільярда рублёў. І, трэба адзначыць, свой кошт ён адпрацоўвае ў поўнай меры. Па-першае, гусенічны ход, які дазваляе праехаць усюды, дзе трэба. Па-другое, шырокая паласа дзеяння – да 6,5 метра. З’явіўся ў нас і новы цяжкі нямецкі каток фірмы “Хамм”. Увогуле з выкарыстаннем высокатэхналагічнай сучаснай тэхнікі значна павышаецца якасць укладкі асфальту і адначасова скарачаюцца тэрміны – што пры любых дарожных работах вельмі важна. Ёсць у нас і свой асфальтавы завод, які на сённяшні дзень выпусціў ужо 115 тысяч тон асфальту – у той час калі ўсяго па вобласці было выпушчана каля 200 тысяч тон, а таксама італьянская ўстаноўка па вытворчасці бітумнай эмульсіі.Але не тэхнікай адзінай жыве прадпрыемства – як і ўсюды, галоўную ролю адыгрывае чалавек. Вядома, што работа дарожнікаў не з лёгкіх – ды і на водпуск у летні, самы напружаны перыяд разлічваць цяжка. Між тым, цікавы факт - так званай “цякучкі” ў ДБУ-42 практычна няма. Па працы і заробак – сярэдняя заработная плата за 9 месяцаў бягучага года склала каля 1 мільёна 600 тысяч рублёў.Прыемна, што гэты калектыў і на абласным узроўні займае лідзіруючыя пазіцыі