Кобрыншчына – адзін з буйнейшых раёнаў Брэсцкай вобласці, дзе пражывае 87,9 тыс. чалавек. Наш край багаты гістарычнай спадчынай, славутымі землякамі, працоўнымі і культурнымі традыцыямі мінулага і сучаснасці. Адным з самых важных паказчыкаў жыццядзейнасці і развіцця рэгіёна з’яўляецца стан мясцовай эканомікі. Летась 21 прамысловае прадпрыемства выпусціла прадукцыі на агульную суму 402 млрд. рублёў, тэмпы росту прамысловай вытворчасці захаваны на ўзроўні мінулага года.
Неад’емная частка эканамічнага падмурку Кобрыншчыны - фінансава-крэдытная сістэма. На сённяшні дзень у раёне прадстаўлены філіялы і аддзяленні вядучых банкаў краіны, якія вядуць свае справы не першы год і карыстаюцца аўтарытэтам і даверам сярод кліентаў. Напэўна, ніводны буйны фінансавы праект не абыходзіцца без удзелу банкіраў, чыя роля сёлета была значнай, як ніколі. Наш раён праводзіў рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009”. На абнаўленне райцэнтра дзяржавай было выдаткавана каля 400 мільярдаў рублёў. На 410 аб’ектах вяліся будаўнічыя і рамонтна-рэканструкцыйныя работы. Абноўлена 120 кіламетраў вуліц, заменены інжынерныя сеткі, рэканструяваны Дом культуры, гасцініца, стадыён, узведзены лядовая арэна, аквапарк, вяслярны канал, зусім іншы, эстэтычны выгляд атрымаў старажытны парк імя А.В. Суворава.

23 кастрычніка ў гарадскім Палацы культуры ў Кобрыне адбудзецца выязное пасяджэнне Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Для ўдзелу ў гэтым адказным мерапрыемстве запрошаны члены праўлення Нацбанка краіны, кіраўніцтва Парламента Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, апарата Савета Міністраў РБ, Камітэта дзяржкантролю, міністэрстваў фінансаў, эканомікі, кіраўніцтва Брэсцкай вобласці і Кобрынскага раёна, а таксама кіраўнікі ўсіх сталічных і рэгіянальных прадстаўніцтваў банкаў краіны. На парадку дня пасяджэння наступныя пытанні: аб выкананні асноўных паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь за студзень-верасень 2009 года, задачы банкаўскай сферы і іх рэалізацыя ў 4 квартале бягучага года, а таксама абмеркаванне асноўных накірункаў удасканалення сістэмы банкаўскага нагляду ў РБ. У гэтай сувязі раённая газета “Кобрынскі веснік” прапануе чытачам спецыяльны выпуск, у якім прэзентаваны шэсць прадстаўніцтваў банкаў, якія не першы год вядуць свае справы на Кобрыншчыне. А самая маладая фінансава-крэдытная ўстанова ў нашым раёне, якая толькі пачынае заваёўваць аўтарытэт сярод кліентаў, - ААТ “Банк Масква-Мінск”, цэнтр банкаўскіх паслуг якога размяшчаецца на вул. Кастрычніцкай, 1 у г. Кобрыне. Летась гэты банк прыняў сваіх першых наведвальнікаў.