У Верхалескай сярэдняй школе ўжо больш за дваццаць гадоў ля руля стаіць Ніна Ляўчук. Яе прафесійны шлях – прыклад вернасці аднойчы выбранай справе і месцу.
17 снежня, "Кобрынскі веснік"/ Выпускніца Брэсцкага педінстытута пачала выкладаць у 1988 годзе ў Імянінскай школе, а праз тры гады пасля замужжа пераехала ў вёску Верхалессе, якая стала сапраўдным домам. Тут Ніна Іосіфаўна прайшла ўсе ступені педагагічнай дзейнасці: ад радавога настаўніка беларускай мовы і літаратуры да завуча, а з 2003 года ўзначаліла школу.
Пад яе кіраўніцтвам установа акрамя педагагічнай дзейнасці паспяхова развівае дадатковыя напрамкі: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, спорт і экалогію. Пры школе дзейнічаюць два лясніцтвы – «Светлячкі» для дашкалят і «Сябры лесу» для старэйшых вучняў.
Ніна Іосіфаўна валодае асаблівым поглядам на сучасную моладзь.
«Дзеці XXI стагоддзя самі імкнуцца да ведаў, іх не трэба прымушаць, – упэўненая яна. – Вясёлыя, мэтанакіраваныя, адкрытыя. З імі застаешся маладым душой. Галоўнае – выклікаць цікавасць і ўкласці разуменне, што вучыцца трэба заўсёды».

З сынам Віктарам
Адпачыць ад школьных клопатаў дапамагае сад і агарод. Апусціць рукі ў зямлю пасля напружанага дня – лепшыя лекі ад стомы. Школа і вёска сталі роднымі, але цёплыя пачуцці звязваюць нашу гераіню і з Віцебшчынай, адкуль родам бацька.
Сямейныя паездкі на дачу Рэпіна – магчымасць падумаць у цішыні, атрымаць асалоду ад прыроды і размовы з блізкімі. Галоўная ж яе радасць і гонар – сын Віктар, які працягнуў сямейную традыцыю служэння людзям, выбраўшы прафесію ўрача. У чым жа сакрэт нязгаснага педагагічнага агню?
«Першы крок у прафесію – любоў да дзяцей, – кажа Ніна Ляўчук. – Дзіцячае цяпло, усмешкі – гэта незаменная матывацыя. Задача педагога – знайсці ключык да кожнай душы. Калі няма іскрынкі ў вачах – трэба запаліць яе».
Асаблівы гонар дырэктара складае калектыў. Гэта згуртаваная каманда прафесіяналаў, заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу і знайсці рашэнне ў любой сітуацыі. Палова педагогаў школы – былыя вучні.

Ці гэта не лепшы доказ таго, што захапіць і натхніць – магчыма? Яе філасофія простая: галоўнае – разглядзець у кожным дзіцяці іскру і дапамагчы ёй разгарэцца. І мяркуючы па тым, як свецяцца вочы выхаванцаў, гэта добра атрымліваецца.
Ірына АМЕЛЬЯНЧУК
Фота з архіва Ніны ЛЯЎЧУК
Поделиться в соцсетях: