Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Гілеціч пражыў доўгае і складанае жыццё. На яго шляху было шмат цяжкасцяў і выпрабаванняў. Самае страшнае – гэта вайна, міннае поле, якое абясшкоджваў са сваімі таварышамі малады сапёр Гілеціч. Яно і зараз часам яму сніцца, сніцца, як ідзе ён па полі, бы па тонкім лёдзе, баючыся нават азірнуцца.
Бедным было дзяцінства Мікалая Антонавіча.
– Бацькава сям’я ў гады Першай сусветнай вайны ў бежанцах была, а калі вярнулася на радзіму ў родныя Сухоўчыцы, усю гаспадарку трэба было падымаць спачатку, – згадвае Мікалай Антонавіч. – Потым бацька ажаніўся, аддзяліўся, атрымаў свой кусок зямлі. Нас у сям’і чацвёра было. Працавалі ў полі зранку да вечара. Я часта хадзіў у заробкі да заможных сялян – пасвіў летам статак за мяшок мукі. У школе вучыцца не было калі, толькі 4 класы польскай школы і закончыў.
Вайна ў Сухоўчыцы прыйшла нечакана. Сяляне нават не адразу і зразумелі, што гэта страшная навала накрыла родную зямлю.
– Той ноччу ўсё неба на захадзе ў маланках было, грукат здалёк раздаваўся, усе думалі, што навальніца разбушавалася. Раніцай даведаліся – вайна, немцы напалі на Брэст. Ужо надвячоркам яны былі ў нашай вёсцы, – расказвае субяседнік.
Цяжкімі былі гады акупацыі. Немцы і паліцаі часта рабілі налёты на Сухоўчыцы. Забіралі ежу, здзекваліся з сялян, патрабавалі плаціць ім аброк, пільна сачылі, ці няма ў вёсцы партызанаў. Тым не менш, мясцовыя жыхары стараліся дапамагаць партызанам, сям’я Гілецічаў таксама. Мікалай Антонавіч згадвае, як маці ім бялізну прала, ежу гатавала, а ён потым гэта ўсё насіў у лес.18-гадовага Мікалая Гілеціча прызвалі ў рады Чырвонай арміі адразу пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. Месяц ён быў на вучобе пад Барысавам, а потым у складзе 2-й сапёрнай брыгады адправілі на фронт.
Адказнасць перад сапёрамі стаяла вялікая. Ад іх работы залежалі лёсы іншых людзей – Мікалай з таварышамі расчышчаў дарогу пяхоце і артылерыі. Іх брыгада заўсёды знаходзілася ў поўнай баявой гатоўнасці – па трывозе ў любую хвіліну ім маглі даць загад – узяць зброю ў рукі і ўступіць у бой.
У красавіку 1945 года сапёрная брыгада была накіравана пад Кёнігсберг.
– Горад і яго ваколіцы мелі страшны выгляд – суцэльныя руіны. Нягледзячы на тое, што Кёнігсберг быў ужо вызвалены савецкімі войскамі, людзі баяліся хадзіць па роднай зямлі. Пры адступленні немцы ўсё замініравалі. Шмат прыйшлося правесці работы сапёрнай брыгадзе, каб чалавек зноў мог спакойна хадзіць па сваёй зямлі, араць, сеяць і збіраць на ёй ураджай.
Перамогу Мікалай Гілеціч з таварышамі сустрэў у мястэчку Грос-Фрыдрыхсберг, былой сядзібе гаўляйтара Усходняй Прусіі Фрыдрыха Паўлюса.
Але вайна на гэтым для юнака не закончылася. Фашысты пакінулі пасля сябе замініраваныя масты, чыгуначныя аб’екты, заводы, палі. Мікалай Гілеціч удзельнічаў у аперацыях па размініраванні тэрыторыі пад Ленінградам, ва Усходняй Прусіі. Абясшкодзіў за час службы каля тысячы мін, кожная з якіх магла стаць апошняй у яго жыцці.
Адзін неасцярожны рух – і ты не даведаешся пра сваю памылку і не выправіш яе, таму што цана гэтай памылкі – смерць. Поўная сканцэнтраванасць, кантроль за кожным рухам, прафесіянальнае майстэрства – галоўныя сябры сапёра. Так сваю работу апісвае мой герой. Сам ён быў сапраўдным прафесіяналам, таму выжыў. Аднойчы, ужо пасля вайны, быў кантужаны ад міны, на якой падарваўся яго сябар.
Вярнуўся на радзіму Мікалай Гілеціч у 1951 годзе. За праяўленую мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў узнагароджаны медалём «За Перамогу над Германіяй». Пасля вайны доўгі час – 34 га-ды – працаваў у Кобрынскім РАНС, пра што зараз нагадваюць шматлікія ўзнагароды за бездакорную службу. Старэйшы сын Анатолій пайшоў па шляху бацькі, пачынаў з прафесіі пажарнага. Зараз ён генерал-маёр у адстаўцы, жыве ў Маскве, але пра родны бацькоўскі дом не забывае, як і малодшы Віктар, які працуе ў Брэсце на заводзе па вытворчасці газавай апаратуры – СП ААТ «Брэстгазаапарат». Кожны дзень пасля работы ён спяшаецца з абласнога цэнтра, каб наведаць бацьку, якога днём даглядае клапатлівая сядзелка з Кобрынскага ТЦСАН.
Алена БАКУН.
Поделиться в соцсетях: