У мінулы аўторак спартыўная зала дзіцячага сацыяльнага прытулка ў в. Барысаўка ператварылася ў чароўную паляну казак, сапраўдным упрыгажэннем якой стала шыкоўная елка з рознакаляровымі гірляндамі і цацкамі. Каля лясной прыгажуні сабраліся дванаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама ўвесь персанал установы, каб прыняць удзел у святочным ранішніку з казачнымі персанажамі – Дзедам Марозам і Снягуркай. Паводле добрай традыцыі з дабрачыннай місіяй у гэтую ўстанову завітаў старшыня Кобрынскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук. На працягу шэрагу гадоў праводзіцца рэспубліканская акцыя “Прафсаюзы – дзецям”. Яе мэта – аказваць адрасную сацыяльную дапамогу маленькім дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям. У Кобрынскім раёне члены прафкамаў АПК на месцах таксама плённа рэалізуюць гэтую ініцыятыву. Так, напрыклад, у гэтыя святочныя дні актыў прафсаюзнага камітэта ААТ “Кобрындрэў” з дабрачыннай місіяй наведаў дзіцячую вёску, дзе зрабіў адной з сем’яў прыемны навагодні сюрпрыз. У фінальнай частцы святочнага ранішніка Васіль Лазарчук уручыў дзецям салодкія падарункі, ад усяго сэрца пажадаў здароўя, шчасця, мірнага неба, каб кожны з іх вырас дастойным грамадзянінам сваёй краіны. Раман МЕЛЬНІК. Фота аўтара. НА ЗДЫМКУ: Васіль Лазарчук з выхаванцамі дзіцячага прытулка ў в. Барысаўка.
Поделиться в соцсетях: