Нягледзячы на позні час, 31 жніўня ў гарадскім парку было шматлюдна. У Кобрын завітала група “Нэнсі” з канцэртнай праграмай “Дым цыгарэт з ментолам”. Аматары творчасці легендарнай групы сабраліся ля будынку амфітэатра ў чаканні сваіх куміраў.Многія кабрынчане вырашылі паслухаць песні “Нэнсі” бескаштоўна, гуляючы па парку.Сярод іх былі і мы з сяброўкай. Стаім, смакуем папкорн, гутарым пра тое-сёе. На людзей, якія размясціліся побач, не звяртаем увагі.Раптам прама нам пад ногі ляціць папкорн. Глядзім, а што ж здарылася.Каля нас стаялі тры чалавекі. Дарослыя мужчына і жанчына і дзяўчына-падлетак. Хто яны адно аднаму мы не ведаем, але бачым, што дзяўчынку нехта вельмі абурыў. Па яе погляду можна зрабіць выснову, што прычынай гневу быў мужчына. Гэта яму ў твар з усёй злосцю быў кінуты той самы папкорн, які заадно пасыпаўся і да нас.Мужчына на такую злосную рэакцыю падлетка адрэагаваў абурэннем, якое выказаў сваёй дарослай спадарожніцы. Тая толькі прамаўчала ў адказ.З месца, якое назаўтра, напэўна, стане прычынай незадавальнення дворнікаў, усе трое пайшлі моўчкі. Сяброўка заўважыла, што нас могуць абвінаваціць у развядзенні сметніку, і мы адышлі ўбок.Гэтае здарэнне настолькі мяне ўразіла, што вылілася на паперу. Магчыма, радкі ў газеце заставяць задумацца маіх выпадковых суседзяў у парку, што ў іх узаемаадносінах даўно наспела праблема, якую неабходна вырашаць і якая стала відавочнай для акружаючых.Людміла Ярмалюк
Поделиться в соцсетях: