Сб, 08 февраля 2025
Прогноз погоды

Четыре музея Городецкой средней школы

26/03/2015 Социум Творчество

Гарадзецкай сярэдняй школе-дзіцячаму саду ёсць чым ганарыцца. І не толькі ўнікальным будынкам – былым касцёлам пачатку мінулага стагоддзя. Не толькі выдатнымі вучнямі, многія з якіх сталі медалістамі і пераможцамі розных прэстыжных конкурсаў і алімпіяд. Яшчэ – сваімі музеямі.
Так, менавіта музеямі, паколькі тут іх некалькі.
Асноўны школьны музей быў адкрыты ў 2004 годзе. “Гісторыя вёскі Гарадзец” – такую ён атрымаў назву. Ля яго вытокаў стаяў выдатны краязнавец Васіль Чарчук. Актыўны ўдзел у зборах розных экспанатаў і дакументаў прымалі школьнікі, настаўнікі, многія жыхары вёскі. Паступова экспазіцыя пашыралася, і сёння яна размяшчаецца ў трох пакоях.
Першы з іх – дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе сабраны работы лепшых мясцовых майстроў. Вышыўка, ткацтва, вязанне кручком, саломапляценне, пячная справа, вырабы з фларыстыкі – вось далёка не поўны пералік усяго, што ашчадна зберагаецца ў сценах першага пакоя. Адбываюцца тут і асобныя выставы: напрыклад, сёння кожны жадаючы можа пазнаёміцца з арыгінальнай творчасцю вучаніцы 4 класа Лізаветы Тунчык.
Кіраўнік музея і шчыры руплівец на ніве краязнаўча-гістарычнай справы Галіна Чыжэўская запрашае нас далей – у “Пакой баявой славы”. Экспазіцыя аб земляках, якія неслі ваенную службу ў Афганістане. Ашчадна сабраныя дакументы і рэчы, якія вяртаюць у гады Вялікай Айчыннай вайны, сведчаць аб партызанскім руху на гэтай зямлі. Матэрыялы аб трагедыі спаленых вёсак Арол і Рудзец. І аб тых, каго забралі ў Германію на прымусовыя работы і ў канцлагеры, пазбавіўшы дзяцінства, а многіх і будучыні.
Трэці музейны пакой – аб жыцці і гісторыі вёскі Гарадзец. Перад намі – быт продкаў, з вокнаў льецца святло на прылады працы, на розныя прыстасаванні, без якіх не абыходзілася ніводная вясковая сям’я. Таксама на стэндах – гісторыя гаспадаркі. У асобным пакойчыку – экспазіцыя “Беларуская хатка”, прысвечаная пасляваеннаму жыццю вёскі. Экспазіцыя жывая, вока з цікавасцю аглядвае экспанат за экспанатам.
Яшчэ адзін музей у Гарадзецкай школе – музей вёскі Аніскавічы. Ён быў перанесены сюды пасля таго, як у Аніскавічах закрылася мясцовая школа. Але кожны экспанат, кожная рэч захоўваецца гэтак жа ашчадна і беражліва, як і іншыя 1300 экспанатаў музея.
- Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто неабыякавы да гэтай справы, хто дапамагае чым можа нашым музеям, нашай навукова-даследчай рабоце, - падагульняе Галіна Чыжэўская. – Асаблівая ўдзячнасць – кіраўніцтву гаспадаркі ААТ “Гарадзец-агра” за дзейсную дапамогу, у тым ліку і матэрыяльную. Напрыклад, за новыя сучасныя стэнды, якія каштуюць сапраўды вялікіх грошай.
Ігар СІДАРУК.
НА ЗДЫМКУ: юныя будучыя экскурсаводы дэманструюць экспанаты музея.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу