У мінулыя выхадныя распачалася XI раённая круглагадовая спартакіяда сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, якая складаецца са спаборніцтваў па стрытболе, валейболе, міні-футболе, шашках, шахматах, настольным тэнісе, з ваенна-патрыятычнай эстафеты “Снежны снайпер” і спартакіяды “Алімпійцы сярод нас”. Галоўнымі арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама і РФАУ “Атлант”. Больш як сто юных фізкультурнікаў з усіх сярэдніх навучальных устаноў горада на базе СШ №№4,7 і 8 прынялі ўдзел у спаборніцтвах па стрытболе.
Як адзначыў выконваючы абавязкі дырэктара РФАУ “Атлант” Павел Сідзюк, стрытбол на Кобрыншчыне імкліва набірае высокую папулярнасць у маладзёжным асяроддзі, паколькі не патрабуе нейкіх вялікіх затрат ці спецыяльных памяшканняў. У летні час ігракі займаюцца на адкрытых пляцоўках, а з надыходам халадоў перабіраюцца ў спартыўныя залы. Гэты від спорту вельмі нагадвае баскетбол. Гульня зарадзілася яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя ў ЗША. У стрытболе дзве каманды па тры чалавекі гуляюць на плошчы памерам у палову класічнай баскетбольнай пляцоўкі, закідваючы мяч у адно і тое ж кальцо. Медыкі сведчаць, што заняткі стрытболам вельмі карысныя для здароўя, актывізуюць дзейнасць сэрца і крывяносных сасудаў, паляпшаюць каардынацыю рухаў і абмен рэчываў, развіваюць трываласць і ўмацоўваюць імунітэт.
Барацьба на спартакіядзе паміж сапернікамі была напружанай. У выніку сярод дзяўчат першае месца заняла каманда з СШ №2, другое месца ў СШ №1, трэцяе – у СШ №4. У юнакоў “золата” заваявала каманда СШ №7, “серабро” ў СШ №6, на трэцім месцы фізкультурнікі з СШ №9. Удзельнікі спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.
Наступны этап круглагадовай спартакіяды - эстафета “Снежны снайпер” адбудзецца 22 студзеня на базе СШ №2.
Раман МЕЛЬНІК.
Поделиться в соцсетях: