27 сакавіка – Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі
Камунальныя службы… Менавіта яны адносяцца да тых, чые недахопы мы заўсёды заўважаем у першую чаргу. А вось на дасягненні звяртаем увагу далёка не заўсёды – як правіла, расцэньваючы іх як нешта належнае і звычнае. Між тым, у многім менавіта дзякуючы штодзённай руплівай працы камунальнікаў наш горад і выглядае такім утульным, камфортным і прыгожым.
Людміла Карповіч, якая, дарэчы, нядаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Брэсцкага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, усе асаблівасці гэтай працы вывучала, што называецца, на ўласным вопыце. За доўгія гады, якія яна прысвяціла рабоце ў КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”, Людміла Аляксееўна прайшла шлях ад майстра зелянгаса да начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела – і сёння карыстаецца заслужанай павагай сярод кіраўніцтва і супрацоўнікаў.
А пачыналася ўсё 24 гады таму – пасля заканчэння Брэсцкага політэхнічнага ўніверсітэта – у той час ён яшчэ называўся інжынерна-будаўнічым інстытутам. Пошукі работы прывялі ў жыллёва-камунальную гаспадарку…
- Шчыра кажучы, першы год было вельмі цяжка, - успамінае Людміла Карповіч. – Практычна новая сфера дзейнасці, велізарны фронт работ… На той час у нашай гаспадарцы былі яшчэ коні – ды і ўвогуле, работа майстра зелянгаса месцамі здавалася больш сельскагаспадарчай, чым будаўнічай – іншымі словамі, мала адпавядала маёй спецыяльнасці.
Аднак працавітасць і адказнасць маладога спецыяліста былі заўважаны – і ўжо ў хуткім часе Людміла Карповіч была пераведзена ў вытворча-тэхнічны аддзел. Спачатку інжынерам, а потым “дарасла” і да начальніка аддзела, у якасці якога і працуе ўжо больш за 10 гадоў. Зараз яе работа – разнастайныя праграмы і праекты, якія ў канчатковым выніку і робяць нашу Кобрыншчыну прыгожай і ўтульнай. Але гэта толькі частка вялікай і шматграннай працы.
- Наш аддзел займаецца і дагаворамі, і разлікамі, і выкананнем сацыяльных стандартаў, і многімі іншымі справамі, –расказвае Людміла Карповіч. – Увогуле, каб перабраць усе сферы дзейнасці камунальных службаў, не хопіць і гадзіны. А жыхарам хочацца сказаць толькі адно: беражыце тое, што мы маем. Якімі б ні былі сілы камунальнікаў, без вашай дапамогі яны не здолеюць падтрымліваць кожны куточак нашай Кобрыншчыны ў належным парадку і чысціні.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара .
Поделиться в соцсетях: