Прогноз погоды
Пн, 21 апреля 2025

«Беражыце мір на гэтай прыгожай і шчодрай зямлі...»: 7 гадоў назад Кобрыншчына стала другой радзімай для сям’і Артура і Ірыны Бех

16/07/2021

Жыць у мірнай краіне, шчыра працаваць, гадаваць дзяцей… Што можа быць важнейшым за гэтыя простыя і вечныя каштоўнасці? Сям’я Артура і Ірыны Бех знайшла ўсё гэта на Кобрыншчыне, якая стала для іх другой радзімай 7 гадоў назад, пасля пераезду з Днепрапятроўскай вобласці Украіны ў аграгарадок Стрыгава.

– Ехалі, што называецца, у нікуды – ні сваякоў, ні блізкіх у нас тут не было, – расказвае Артур Бех. – Але і заставацца на Украіне больш не маглі – у сувязі з вядомымі палітычнымі па-дзеямі, з пачаткам вайны, умовы для жыцця там складаліся невыносныя. А тут – мір, спакой, ёсць работа, адразу атрымалі дом. Вельмі вялікую дапамогу аказала і аказвае ААТ «Стрыгава» – прынялі як родных. 

Артур працуе ў гаспадарцы вадзіцелем. Праявіў сябе як адказны і шчыры работнік, неаднаразова станавіўся перадавіком жніва. Ірына да дэкрэтнага водпуску працавала поварам у Стрыгаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, а зараз даглядае цудоўных блізнят Ганну і Аляксандру, у чым шматдзетнай матулі дапамагаюць старэйшыя сыны Артур і Ігар.

Сёлета сям’я заняла першае месца ў раённым конкурсе «Уладар сяла». Што і не дзіва – не так часта даводзіцца сустрэць такі лад і ўзаемаразуменне. Муж і жонка сталі сапраўднымі патрыётамі Беларусі, выхоўваюць у такой атмасферы сваіх дзяцей.

– Беражыце мір на гэтай прыгожай і шчодрай зямлі, шануйце той парадак і чысціню, якія маеце, цаніце магчымасць працаваць і зарабляць, – уключаецца ў дыялог Ірына Бех. – Захавайце гэтую цудоўную краіну такой, якая яна ёсць, – добрай, гасціннай і ветлівай. Мець такую Радзіму – вялікае шчасце.

Цяжка дадаць што-небудзь да гэтых простых, але мудрых слоў ад людзей, якія ведаюць, што неба не заўсёды можа быць мірным. Мы развітваемся з Артурам і Ірынай – ён спяшаецца на работу, яна – да любімых дзяцей. А жыццё ідзе наперад. Пакуль такія светлыя людзі ўліваюцца ў наша грамадства, каб жыць, працаваць і нараджаць дзяцей, можна быць упэўненым: будзе квітнець і наша Кобрыншчына, благаславёная зямля патрыётаў, працаўнікоў і гаспадароў.

Дзмітрый БЯЛОЎ / vkobrine.by

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу