У мінулую суботу вось ужо трэці год запар на Кобрыншчыне пад эгідай МРАС ДТСААФ і мясцовага клуба аматараў матацыклаў праводзіўся раённы мотапрабег, прысвечаны Дню абароны дзяцей. З самай раніцы на вуліцы горада выехалі матацыклы розных брэндаў і памераў. У ліку ўдзельнікаў раённага мотапрабегу значыліся як кобрынскія аматары “жалезных коней”, так і госці з іншых гарадоў Беларусі, Украіны і Польшчы. Як нам паведаміў адзін з арганізатараў мерапрыемства, член клуба кобрынскіх матацыклістаў Дзмітрый Васілюк, усяго ў акцыі прынялі ўдзел больш за 60 матацыклістаў.
І вось, сабраўшыся каля лядовай арэны, арганізаванай калонай у суправаджэнні супрацоўнікаў ДАІ байкеры накіраваліся ў бок Кобрынскага дзіцячага дома. Агеньчыкамі радасці заззялі вочы ў дзяцей, калі на матацыклах-прыгажунах на тэрыторыю іх установы прыехалі незвычайныя госці. Сёлета мотааматары вырашылі наведаць хлопчыкаў і дзяўчынак з дабрачыннай місіяй. Яны ўручылі ім салодкія падарункі, флікеры, расказалі аб выкананні правілаў дарожнага руху. А на развітанне байкеры нават пракацілі малышоў на сваіх матацыклах.
Як адзначыў у інтэрв’ю “КВ” намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, падобныя мерапрыемствы на Кобрыншчыне сталі добрай традыцыяй. У ліку байкераў - людзі самых розных узростаў і прафесій. Усіх іх аб’ядноўваюць любоў да тэхнікі, рамантыка дарожных прыгод. Валянцін Васільевіч ад усяго сэрца падзякаваў матацыклістам за іх ініцыятыву, пажадаў моцнага здароўя і выказаў упэўненасць у тым, што падобныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і далей.
У другой палове дня мотапрабег працягваўся ўжо на тэрыторыі аздараўленчага лагера “Бярозка”. Тут адбылася насычаная культурна-масавая праграма з удзелам беларускіх рок-выканаўцаў.
[gallery link="file" order="DESC" columns="2"]
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі мотапрабегу наведваюць Кобрынскі дзіцячы дом.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: