Невялікі рознакаляровы прамавугольнічак банкаўскай картачкі стаў універсальным фінансавым інструментам, што без яго нават складана і ўявіць сучасныя безнаяўныя разлікі. Для абслугоўвання трымальнікаў пластыкавых картачак спецыялістамі філіяла №113 ААТ “ААБ “Беларусбанк” у Кобрыне ўсталявана 10 банкаматаў, 7 з якіх дазваляюць здымаць наяўныя долары ЗША, 14 інфакіёскаў, шэсць з іх працуюць кругласутачна. Таксама адкрыта 15 пунктаў прыёму плацяжоў, 19 пунктаў выдачы наяўных грошай, 114 плацёжных тэрміналаў у 71 прадпрыемстве гандлю і сэрвісу.На сучасным этапе банкаўская пластыкавая картачка выкарыстоўваецца не толькі для атрымання наяўнасці. Банкамат, напрыклад, з’яўляецца памочнікам ў аплаце паслуг аператараў мабільнай сувязі (МТС, VELCOM, LIFE, БелСел), хатняга тэлефона, інтэрнэт-правайдэраў, шматканальнага тэлебачання, пераводаў грашовых сродкаў з карт-рахунку на карт-рахунак. Гарманічна дапаўняе магчымасці банкамата інфакіёск. Ён прызначаны для аплаты не толькі вышэйпералічнаных, але і камунальных, ахоўных паслуг, дазваляе за лічаныя хвіліны ўнесці грошы за крэдыты, тавары, даведку ў Кобрынскае бюро Бярозаўскага філіяла РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры”, плату за дзіцячы садок і інш.Як паведаміў у адным з інтэрв’ю рэспубліканскім мас-медыя намеснік старшыні Праўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк” Сяргей Пісарык, актыўна карыстаюцца банкаўскімі пластыкавымі картачкамі не толькі маладзёжная аўдыторыя і людзі сярэдняга ўзросту, але і пенсіянеры. Спецыяльна для гэтай катэгорыі насельніцтва распрацаваны асобны сегмент фінансавых прадуктаў. Цяпер у краіне больш за 83 тысячы чалавек, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, атрымліваюць пенсіі пры дапамозе банкаматаў. Для гэтай катэгорыі грамадзян паслуга набыцця пластыкавых картачак бясплатная. Неабходна толькі мець пры сабе пашпарт ці пенсіённае пасведчанне. Дарэчы, спецыяльна для людзей сталага ўзросту на карт-рахунак налічваюцца павышаныя працэнты. Атрымаць пенсіі могуць і родныя кліента, на якіх па асобнай дамоўленасці будуць аформлены дадатковыя картачкі.У апошні час асаблівую папулярнасць сярод кліентаў “Беларусбанка” набыла паслуга М-банкінг. З мабільнага тэлефона і ўсталяванага ў ім спецыяльнага праграмнага забеспячэння “M-Belarusbank” у любы час і з любой кропкі свету магчыма кіраваць грашовымі патокамі, якія знаходзяцца на карт-рахунку. Часткова замяняе функцыі інфакіёска паслуга Інтэрнэт-банкінг. Яна дазваляе кліентам ажыццяўляць неабходныя дзеянні праз глабальную сетку.Дырэктар філіяла №113 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Ігар Раўнейка адзначыў, што сёлета ў Год якасці развіццё банкаўскіх прадуктаў і эмісія пластыкавых картачак, у прыватнасці, будзе ажыццяўляцца на больш высокім узроўні. Так, у Кобрыне плануецца адкрыць новыя інфакіёскі для кліентаў у Лядовай арэне і аквапарку. Таксама мяркуецца стварыць 20 новых працоўных месцаў па абслугоўванні трымальнікаў картачак у арганізацыях гандлю і сэрвісу.Раман МЕЛЬНІК.На здымку аўтара: спецыяліст па аперацыйна-касавай рабоце філіяла №113 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Святлана Тунчык інфармуе кліента аб плюсах пластыкавай картачкі.
Поделиться в соцсетях: