Чт, 23 января 2025
Прогноз погоды

А подзвіг не знікне ў стагоддзях…

05/04/2010

З 20 сакавіка па 6 мая ў Рэспубліцы Беларусь па ініцыятыве Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Філарэта праводзіцца другі хрэсны ход “Царква і армія”, які прысвечаны 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.Хрэсны ход пачаўся на брэсцкай зямлі, у Свята-Мікалаеўскім гарнізонным саборы Брэсцкай крэпасці, і працягваецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. На яго шляху ажыццяўляюцца памінальныя службы, праводзяцца работы па добраўпарадкаванні месцаў пахавання, масавыя мерапрыемствы па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны. Збіраецца зямля з месцаў пахавання герояў вайны, якая будзе змешчана ў спецыяльна вырабленую капсулу. А ў маі яна будзе ўрачыста дастаўлена да Свята-Духава кафедральнага сабора ў г. Мінску. Хрэсны ход “Царква і армія” пад патранажам раённага веннага камісарыята, ветэранскіх арганізацый і РА ГА “БРСМ” праводзіўся і на кобрынскай зямлі.Распачалося мерапрыемства 30 сакавіка ў скверы імя Пуганава ля помніка воінам Савецкай арміі і партызанам, загінуўшым у вайне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941-1945 гг. Сярод удзельнікаў хрэснага ходу быў і інвалід Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Кірылавіч Грыневіч, які нагадаў прысутным аб тым, як няпроста здабывалася перамога над ворагам. Яму было ўсяго 16 гадоў, калі немцы напалі на СССР. Самы яркі момант, які застаўся ў памяці, – вызваленнне горада Кобрына і раёна. Хутка пасля гэтага маладога хлопца прызвалі ў армію. Першы свой бой прыняў на Нарвенскім плацдарме ў Польшчы, дзе ішлі жорскія баі за кожны метр зямлі. Наш зямляк на ўласныя вочы бачыў маршала Канстанціна Ракасоўскага, які камандаваў наступленнем савецкіх войск. На жаль, раненне не дазволіла Мікалаю Грыневічу дайсці да Берліна. Перамогу ён сустрэў у шпіталі. Ветэран пажадаў моладзі з гонарам несці памяць аб загінуўшых воінах, аб тым, якой дарагой цаной здабывалася Перамога.Настаяцель Свята-Лукінскага храма свяшчэннік Уладзімір Мацкевіч ажыццявіў памінальную службу паводле хрысціянскіх канонаў. А прадстаўнікі ваенкамата сабралі зямлю з месца пахавання воінаў.Пасля ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся да помніка воінам-вызваліцелям у в. Вялікія Лепясы, дзе ажыццявілі аналагічную цырымонію.Раман МЕЛЬНІК.Фота аўтара.НА ЗДЫМКУ: у час хрэснага ходу “Царква і армія” ў скверы імя Пуганава.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу