І сонца ўсмешак, і суму – акорд…
30 мая ў школах горада і раёна прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя завяршэнню 2015-2016 навучальнага года. З асаблівым трапятаннем да гэтай падзеі аднесліся тыя, для каго школьны званок прагучаў у апошні раз, - выпускнікі. У бягучым годзе пакінуць парты 653 адзінаццацікласнікі, з іх са школ горада – 428 вучняў, раёна – 225. Прыемна, што ў іх ліку ёсць 23 прэтэндэнты на атрыманне залатых (сярэбраных) медалёў. Пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі атрымаюць 987 дзевяцікласнікаў, у ліку якіх 638 вучняў з гарадскіх школ і 349 – з вясковых. На пасведчанне “з адзнакай” прэтэндуе 31 чалавек.
Урачыста і пранікнёна адбылося свята апошняга званка ў гімназіі горада Кобрына. Сёлета ва ўстанове дружную школьную сям’ю пасля дзяржаўных экзаменаў назаўсёды пакінуць 30 выпускнікоў, дарэчы, трое з іх з’яўляюцца прэтэндэнтамі на залаты (сярэбраны) медаль. Агульную базавую адукацыю атрымаюць 55 чалавек, з іх патэнцыяльных кандыдатаў на пасведчанне “з адзнакай” – 4.
Заканчэнне школы - гэта своеасаблівае завяршэнне перыяду дзяцінства, таму эмоцыі, якія перапаўнялі выпускнікоў, былі даволі супярэчлівыя. Настрой дзяцей, быццам пераменлівае надвор’е, вагаўся ад сонечных усмешак да ледзь стрыманых слёз.Словы ўдзячнасці і наказу, пажаданняў, у тым ліку і поспеху пры здачы экзаменаў, пачулі выпускнікі з вуснаў дырэктара гімназіі Мікалая Аляхновіча, класных кіраўнікоў і сваіх бацькоў. Важную падзею з гімназістамі раздзяліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук. Яе віншавальная прамова ўтрымлівала і добрыя пажаданні, і развагі над тым, наколькі важным з’яўляецца этап выбару прафесіі.
Урачыста прайшла лінейка і ў Дзівінскай сярэдняй школе. Сёлета тут выпускаюцца 25 юнакоў і дзяўчат. На свяце прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады і прадпрыемстваў, пагранічнікі.Выпускнікі на развітанне праспявалі песню і выпусцілі ў неба прыгожыя паветраныя шарыкі, а дзевяцікласнікі ўручылі 33 першакласнікам спартыўныя мячы. У гэты раз спонсарамі падарункаў выступіла ААТ “Белінвестбанк”.
Сугучна добрым словам было і надвор’е, якое ўсталявалася ў гэты знакавы дзень. Дык няхай такім жа сонейкам і цяплом песціць нашых выпускнікоў дарослае жыццё, яны гэта заслужылі.Людміла ДУБІНА,Людміла ПАШКОВІЧ.Фота Людмілы Дубіны.
Поделиться в соцсетях: