Доўгі век пад цяністымі клёнамі
Соты дзень нараджэння – гэта вялікая падзея не толькі для юбіляршы, але і для ўсіх яе сваякоў, знаёмых, сяброў. Людзі, якія дажылі да такога ўзросту, выклікаюць захапленне і заслугоўваюць асаблівай увагі.
У маленькай вясковай хатцы пад цяністымі клёнамі шматлюдна. Павіншаваць імянінніцу прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, старшыня Хідрынскага сельвыканкама Пётр Назарук, старшыня савета ветэранаў СВК “Узыходзячая зара” Зоя Дубінка. Зінаіда Іванаўна прымала віншаванні і падарункі ад шматлікіх гасцей, сярод якіх былі прадстаўнікі органаў сацыяльнай аховы і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Жыццё не песціла жанчыну ў юнацтве і маладосці, таму ўспаміны пра маладыя гады вызываюць у яе смутак і тугу. Нарадзілася на Валыні ў шматдзетнай сям’і, у якой акрамя Зіны гадавалася яшчэ пяцёра дзяцей. Юнацтва прайшло пад прыгнётам палякаў. Каб выжыць, прыходзілася многа і цяжка працаваць на сціплай уласнай гаспадарцы. З-за работы пачатковую адукацыю дзяўчынцы атрымаць не давялося. Вайну жанчына ўзгадвае неахвотна - падзеі тых дзён наклалі свой негатыўны адбітак на яе лёс і лёс блізкіх. Напярэдадні вайны пайшоў у войска і недзе згінуў старэйшы брат. Зінаідзе прыйшлося выконваць і мужчынскую, і жаночую работу: даглядаць жывёлу, нарыхтоўваць дровы для печы, хадзіць за плугам. Затым замужжа і цяжкія гады пад акупантамі ў штодзённай трывозе за немаўлятак-дзяцей і мужа, які ў Забалацці на прымусовай працы пад дулам варожага аўтамата, кожную хвіліну рызыкаваў быць забітым. У пасляваенныя часы цяжкая праца на ўласнай гаспадарцы і ў калгасе за працадні. Некаторы час жылі і працавалі ў Крыму, у 80-я гады пераехалі на Кобрыншчыну.
З бляскам у вачах узгадвае юбілярша шчаслівыя моманты. Больш за 70 гадоў доўжылася жаночае шчасце Зінаіды Іванаўны поруч з працавітым і клапатлівым мужам. Аб сваім мацярынскім шчасці жанчына расказвае з цёплай усмешкай. Добра і спакойна ёй на душы ад таго, што нарадзіла і выгадавала пяцёра дзяцей – сыноў Івана, Васіля, Рыгора, дачок Марыю і Надзею. Усе яны знайшлі сябе ў прафесіі, звілі свае гнёзды, падарылі бабулі 13 ўнукаў і 21 праўнука. Нядаўна з’явілася на свет і прапраўнучка Соф’я, маладзейшая за бабу Зіну на 97 гадоў.
У сваім векавым узросце Зінаіда Самарчук яшчэ добра спраўляецца з хатнімі справамі, да нядаўняга часу трымала жывёлу і шчыравала на агародзе, цяпер даглядае пчол. “Досыць, мама, адпачынь, – кажуць дзеці. – Ты заслужыла доўгае жыццё і шчаслівую, спакойную старасць”.
Жанна ЕЛІЗАРАВА.
На здымку аўтара: Зінаіда Самарчук прымае віншаванні.
Поделиться в соцсетях: