Прогноз погоды
Пн, 16 июня 2025

«На лёс не наракаю…»

19/04/2022 Наши люди Год исторической памяти

За свой век, а нядаўна мая гераіня Марыя Трубчык сустрэла свой 86 год нараджэння, яна зведала многае.Нарадзілася Марыя Фамінічна ў вёсцы Лелікава, на самай мяжы з Украінай. Вайна застала яе пяцігадовай дзяўчынкай.

-Помню, як мы з братам Мішам, калі пасвілі кароў, у першыя дні вайны хаваліся ў яме ад варожых самалётаў. Я тады не адчувала небяспекі, больш цікаўнасць ахоплівала. Высоўвалася, каб паглядзець на дзіўных «птушак», а брат цягнуў за рукаў у яму і прыкрываў галаву.

Згадвае Марыя Фамінічна, як мясцовае насельніцтва хавалася ад аблаў, якія чынілі немцы з мэтай адпраўкі мірных жыхароў на прымусовыя работы ў Германію.

– Бацька з маёй старэйшай сястрой Дуняй часта ў лесе хаваліся. Мужа сястры немцы ў ліку першых схапілі і пагналі ў Германію – працаваў там на заводах, вярнуўся назад толькі пасля вайны. Дуня цяжарная на той час была. Я ім хлеб у лес насіла, малако. Маці баялася, каб ворагі ў хату не зайшлі, калі яна торбачку збірала, і не дагадаліся, для каго гэта. А тыя часта заходзілі – то паліцаі, то фашысты. У маці пыталіся: «Бабка не партызан?»

Асабліва фашысты лютавалі, калі спалілі вёску Барысаўку за сувязь мясцовага насельніцтва з партызанамі. Шукалі іх і ў Лелікаве. Аднойчы маці маёй гераіні выратавала партызанаў ад варожай пасткі:

– Яна заўважыла праз акно, як з боку лесу набліжалася павозка з двума чалавекамі, зразумела, што гэта партызаны, якія час ад часу наведваліся ў вёску, – людзі ім ежу давалі, бялізну пралі. Выбегла насустрач і сказала, што ў вёсцы шмат немцаў. Партызаны падзякавалі і павярнулі назад у лес, – расказвае жанчына. – І ўсё было б добра, каб не сусед – прыслужнік немцаў. Ён сачыў за маці і ім данёс. Выратавала нашу сям’ю толькі тое, што маці змагла запэўніць: думала – гэта паліцаі з суседняй вёскі шукалі кароткай дарогі назад.

Бандэраўцаў – мясцовыя іх бульбашамі называлі – у вёсцы баяліся не менш, чым немцаў.

– Здаецца, вайне канец, а спакою людзям доўга яшчэ не было. Сваімі злачынствамі бульбашы наганялі страх на мірных жыхароў. Нас яны за людзей не лічылі. Наляталі ў вёску – рабавалі насельніцтва. Аднаму вяскоўцу, ён лесніком працаваў, язык вырвалі, а польскую сям’ю, што жыла на хутары, усю знішчылі. Заставілі іх выкапаць сабе магілы, перарэзалі і напаўжывымі закапалі ў зямлю. Маёмасць усю сабе забралі. Запалі мне ў памяць словы з песні, што спявалі бандэраўцы: «Накусалэ нас мухэ, накусалэ овадэ. Мэ леліковскіх комсомольцюв вэдушым, ек гадыв».

З цягам часу мір усталяваўся ў вёсцы. Бедна жылі пасля вайны, асабліва, калі год быў неўраджайным.

– Аднойчы ноччу ў нас згарэла ўся гаспадарка – хлеў з пяццю каровамі і жытам. Колькі было слёз праліта, але гэтым гору не дапаможаш. Прыйшлося пачынаць усё з нуля. Многа працавалі, зноў на ногі сталі. Я і зараз помню смак хлеба, намазанага алеем, які з ільну аджымалі. Адзенне насілі просценькае. А я расла, апранацца хацелася. Неяк бацька купіў мне ў Кобрыне новыя чаравікі – грубыя, накшталт хромавых ботаў. А яны мне тады такімі прыгожымі здаваліся.

Згадвае жанчына, як бегала замест маці, якой трэба было дома ўпраўляцца, у калгас. Худзенькая, яна насіла на сабе цяжкія мяхі.

– Ноччу ляжыш – спіна баліць, жывот цягне. Хочацца, каб цябе прылашчылі, добрае слова сказалі. Бацькі, безумоўна, нас, дзяцей, шкадавалі, але часу многа на ласку ў іх не было, і мы ўсё разумелі, ні на што не скардзіліся. Хадзіла пешшу – толькі ў адзін бок каля 50 км – з сяброўкамі ў Кобрын за соллю. Прачыналіся задоўга да ўсходу сонца, каб паспець у гэты ж дзень назад вярнуцца. Добра было, калі машыну спадарожную сустракалі, – часам малакавоз з города ў калгас ехаў.

Рана навучылася Марыя Фамінічна ткаць.

– У нас у хаце кросны стаялі. Звычайна зімой дзяўчаты на вячоркі збіраліся і па чарзе ткалі. Рушнікі, дываны... Да гэтага часу яшчэ захаваліся. За каляровымі ніткамі вялікі шлях прыходзілася таксама пераадоль-ваць. Хадзілі напрасткі праз лес у Роўна на базар.

Праз некаторы час Марыя пакінула бацькоўскі дом – выйшла замуж за аднавяскоўца Івана, які з дзяцінства хлябнуў многа гора. Вайна асіраціла хлопца ў чатырнаццацігадовым узросце – выхоўвала яго мачыха, у якой раслі свае дзеці. Асноўны цяжар па гаспадарцы выпаў на плечы пасынка.

Размовы пра сваю незайздросную мацярынскую долю Марыя Фамінічна стараецца пазбягаць.

– Няма большага гора, чым бачыць, як пакутуюць ад цяжкіх хвароб твае дзеці, яшчэ горш – хараніць іх, – не стрымлівае слёз жанчына.

Загартаваная жыццёвымі выпрабаваннямі, яна не любіць наракаць на лёс, чаму вучыць і сваіх унукаў:

– Моладзь наша часам скардзіцца. То адно ім не падабаецца, то другое... Хочуць мець усё адразу. Няма чаго ім бога гнявіць. Трэба цаніць тое, што сёння маеш, мір і згоду, бо найвялікшае шчасце – не бачыць вайны і не быць рабом на сваёй зямлі. Родную краіну трэба мацаваць і берагчы, дзеля свайго народа добра працаваць, тады ўсё будзе. А магчымасці такія ў нас існуюць – было б толькі жаданне.

Алена БАКУН

Поделиться в соцсетях:


Последние новости