Чалавечая фантазія не мае межаў, як не маюць межаў чалавечыя магчымасці. Выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якую падрыхтавалі ў Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы, - яркае таму пацвярджэнне.
Як расказаў загадчык аддзела мастацкіх рамёстваў і дрэваапрацоўкі Дзмітрый Леановіч, гэтая выстава створана для ўдзелу ў рэспубліканскім аглядзе тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Работа над яе падрыхтоўкай вялася на працягу двух месяцаў.
- Восенню мінулага года зацвярджалі эскізы. Навучэнцы выказвалі свае прапановы, штосьці ініцыявалі мы. Стараліся падтрымаць ідэі дзяцей, нешта дапрацоўвалі, карэкціравалі. Улічвалі, што намнога цікавей рабіць тое, што сам прыдумаў.
Такі падыход паспрыяў стварэнню сапраўды цікавых работ. Лялькі з тканіны, вырабы з саломкі, разнастайныя ікебаны, пано, вырабы ў тэхніцы дэкупажу і пейп-арту, разнастайныя роспісы па шкле, разьба па дрэве і іншыя творы рукадзелля радавалі вока. Шырока прадстаўлены кампазіцыі для афармлення ландшафту: кветачніцы ў выглядзе грузавіка, драбінаў з запрэжанай свінкай, млын, арэлі.

Як заўважыў Дзмітрый Рыгоравіч, на выставе прысутнічаюць работы практычна па ўсіх накірунках дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якія асвойваюцца выхаванцамі каледжа. Для развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў тут дзейнічаюць гурткі, адзін з якіх – абласнога ўзроўню. “У кожнага навучэнца ёсць свае схільнасці, аднаму падабаецца працаваць з паперай, другому - са шклом, трэці добра спраўляецца з карпатлівай работай, мы гэта ўлічваем”, - расказвае Дзмітрый Леановіч. Адзначыў ён і тое, што да іх ва ўстанову іншым разам трапляюць сапраўдныя “самародкі”. Першы год тут навучаецца Аляксандр Сабінскі. Ён не толькі паспяхова асвойвае праграмныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і самастойна вывучае новыя. Напрыклад, з дапамогай інтэрнэту хлопец навучыўся працаваць у тэхніцы арыгамі-кусудама. Творчы калектыў педагогаў політэхнічнага каледжа на чале з дырэктарам Васілём Дземідовічам да такіх дзяцей адносіцца з асаблівай увагай.
Гэтымі ўмельцамі ствараюцца работы, вартыя рэспубліканскага ўзроўню. Сёлета на конкурс Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж прадставіць 72 работы.
З цягам часу часу экспанаты трапяць у выставачную залу політэхнічнага каледжа, што размяшчаецца на плошчы Леніна. А пакуль іх чакае доўгае і цікавае падарожжа: экспазіцыі ў Пінску і сталіцы.
Дарэчы, ужо зараз у майстэрнях політэхнічнага каледжа па вуліцы Дружбы можна наведаць выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якія вярнуліся з мінулагодняга агляду.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.