Сб, 15 марта 2025
Прогноз погоды

Сіла хрысціянскай любві, альбо Жыццё, прысвечанае людзям і Богу

13/03/2019

Толькі птушкі могуць ганарыцца:

Ім высока суджана ўзлятаць.

Чалавеку ж – мала нарадзіцца.

Чалавекам трэба яшчэ стаць.

(Эдуард Асадаў)

Толькі што прачытала новую кнігу нашага берасцейскага прававеда, пісьменніка-дакументаліста, публіцыста, краязнаўцы Анатоля Дзенісейкі “Ёсць прарокі ў сваёй Айчыне”, якая ўбачыла свет у жніўні 2019 года, дзякуючы брэсцкаму прыватнаму выдавецтву “Альтернатива”.

З дароўным цудоўным надпісам, прыгожым акуратным аўтографам аўтар даслаў яе мне ў падарунак да дня нараджэння.  

Спяшаюся запэўніць: вельмі патрэбнае выданне, тым больш, што пісалася яно не дзякуючы аўтарскай фантазіі, а ўсе звесткі ўзяты з жыцця, шляхам апытання праваслаўнага люду – прыхаджан Свята-Міхайлаўскай царквы вёскі Осаўцы Драгічынскага раёна і яе шматлікіх наведвальнікаў з другіх рэгіёнаў. Факты пра незвычайнага земляка збіраліся іванаўскім пісьменнікам па кроплі.

З першых старонак кніга заварожвае своеасаблівым аўтарскім падыходам да раскрыцця сюжэту, адкрывае шлях да бясцэннага пазнання хрысціянскай любві, дабрыні, спасціжэння Божай існасці і велічы, прызнання яго прысутнасці ў жыцці. Адным словам – прыадкрывае заслону да нечага нязведанага, патаемнага, але такога патрэбнага, жаданага і дарагога кожнаму сэрцу, прапануе тое, па чым згаладаліся нашы душы. Прыцягвае ўвагу і нябесна-блакітнай вокладкай са змешчаным здымкам айца Віктара (у царкоўным аблачэнні) – былога настаяцеля Свята-Міхайлаўскай царквы, добра вядомага ў праваслаўнай Беларусі і далёка за яе межамі не толькі сваімі цудатворнымі малітвамі, але і прароцтвам. Яго святасць прызнана манахамі ў Іерусаліме (Ізраіль) і на Святой гары Афон (Грэцыя). Менавіта ён, протаіерэй Віктар Іванавіч Сарока, і з’яўляецца галоўным героем аўтарскага аповеду. 

Адчуваецца, што пісьменнік шмат разважаў: з чаго пачаць, каго са знакамітых і добра вядомых асоб раёна і вобласці падключыць да размовы, у якой чарговасці падаваць сабраны матэрыял, каб раскрыць духоўную сілу нашага народа. І аўтар справіўся са сваёй задумкай.

Кожны пісьменнік піша пра сваю Радзіму, свой народ, кожны паэт апявае любы сэрцу куточак. Анатоль Дзенісейка – не выключэнне. Усе яго кнігі, артыкулы, нарысы, эсэ, краязнаўчыя публікацыі пра сваё, роднае, дарагое. Між радкоў выразна праяўляецца бязмежная любоў і адданасць Радзіме, павага да продкаў і гонар за свой таленавіты беларускі народ.

Айцец Віктар быў незвычайным, светлым і чулым чалавекам, міласэрным да бедных і няшчасных людзей, духоўным настаўнікам праваслаўнаму люду. У яго сэрцы жыла любоў не толькі да Бога, але і да ўсіх людзей, жыла пакора, прабачэнне, ён душой адчуваў сваё няпростае нябеснае прызначэнне, разумеў сваё зямное прызванне, сваю ролю і месца ў жыцці, годна нёс служэнне Богу і людзям. Ён праслаўляў не толькі жывога Бога і веру ў Хрыста, але і ўсёй сваёй сціплай чалавечай істотай з хрысціянскай дабрынёй і шчырасцю славіў жыццё, зямлю, месца, на якім жыў, і дзякаваў за ўсё Госпаду. Анатоль Дзенісейка як шчыры прыхільнік хрысціянства, расказваючы нам пра лёс царкоўнага настаяцеля, спрабуе рабіць тое ж самае.

 У няпросты час жыў і служыў святар. Гэта так. Але і нашаму пакаленню яшчэ хапае складанасцяў, бо атэізм, на жаль, як тая назойлівая хвароба, далёка не выкарчаваны з людскіх душ, з жыцця грамадства. Думаю, што не аднаго атэіста – ненавісніка сапраўднай хрыціянскай духоўнасці – разбудзіць гэтая кніга і, дасць Бог, заставіць задумацца аб вечным.

Дзенісейка – пісьменнік-краязнаўца, актыўны збіральнік цікавых і знакавых момантаў жыцця на Палессі. І што яму да тых, хто думае інакш і жыве па сваіх правілах, хто не ведае, што чалавек становіцца чалавекам толькі з дапамогай Бога. У Анатоля Іванавіча – сваё прызванне, свае задачы ў жыцці, свая жыццёвая дарога і свой Богам дадзены дар тварыць. Таму як патрыёт свайго краю ён не шкадуе ні сіл, ні часу на пошукі вартых праслаўлення землякоў, на апісанне іх жыццёвых лёсаносных подзвігаў. 

Дзіўна і радасна ўсведамляць, што сучасны пісьменнік так шчыльна змог прыблізіцца да веры ў Бога, што ў чалавека, які быў выхаваны ў час бязвер’я і атэізму, які ўсё жыццё сваё прысвяціў строгай і суровай прафесіі пракурора, змаглі прарасці і так буйна закаласіцца ў душы парасткі праваслаўнай веры, хрысціянскай любві і дабрыні, закладзеныя ў генетычны код мудрымі продкамі і прывітыя ў добры час дбалымі бацькамі.   

Зразумела, што аўтар пакуль збіраў звесткі пра жыццё і лёс святара, пакуль займаўся  апрацоўкай здабытых успамінаў – усёй душой і сэрцам яшчэ больш пранікся духоўнай тэмай. Кніга атрымалася праўдзівая, жыццёвая, аптымістычная. Яна будзе даспадобы тым, хто адчувае ў сабе духоўны голад і жадае наталіцца жывой вадой, хто цягнецца да сапраўднай духоўнасці, да больш шырокага пазнання гісторыі роднага краю, яго незвычайных людзей, якія, адыходзячы ў іншы свет, пакідаюць на зямлі нашай добры і глыбокі след.

Верыцца, што кожнаму, хто возьме кнігу ў рукі, яна стане карыснай знаходкай, сапраўдным літаратурным падарункам ад пісьменніка. Тым больш, што чытаецца кніга з вялікай цікавасцю, адчуваннем душэўнага ўздыму і духоўнага напаўнення, гонару за сваіх як духаўнікоў, так і пісьменнікаў – прымірыцеляў чалавека з Богам,  зямнога з нябесным.

Надзея ПАРЧУК, паэт, літаратурны крытык.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу