Прогноз погоды
Чт, 26 июня 2025

Магдалинская «Зараница»: привет из Польши

04/02/2015 Творчество Конкурсы

Для народнага ансамбля песні і музыкі “Зараніца” Магдалінскага сельскага Дома культуры новы год пачаўся са значнай падзеі. Калектыў быў адзначаны дыпломам за ўдзел у аглядзе ўсходнеславянскіх абрадаў, які адбыўся ў польскім горадзе Сямятычы 10-11 студзеня. У такім фестывалі магдалінскія музыкі ўдзельнічалі ўпершыню.Кіраўнік ансамбля “Зараніца” Алена Букач падзялілася ўражаннямі ад паездкі ў Польшчу. Арганізатарам фальклорнага фестывалю-агляду выступіў Сямятыцкі цэнтр культуры і Дэканальны інстытут праваслаўнай культуры ў Сямятычах. Як адзначыла Алена Паўлаўна, праграма для гасцей была насычаная. Удзельнікі “Зараніцы” пакалядавалі ў вёсцы Студзіводы. “У якую з хат мы ні заходзілі, усюды сустракалі гасцінна, шчодра частавалі”, - заўважыла жанчына. Калядныя віншаванні па-беларуску прынялі і жыхары горада Бельск-Падляскі ў час канцэрта ў Доме праваслаўнай культуры. Падтрымаць сваіх сяброў з Беларусі прыйшлі ўдзельнікі мясцовага калектыву “Маланка”.Нашы землякі прысутнічалі на царкоўнай літургіі ў Петрапаўлаўскай царкве ў Сямятычах, пабывалі на святой гары Грабарка, што знаходзіцца недалёка ад горада.Асноўным дзействам фестывалю быў калядны канцэрт, які праводзіўся ў Сямятыцкім Доме культуры. У ім, акрамя нашай “Зараніцы”, прынялі ўдзел царкоўныя хары і фальклорныя калектывы з Польшчы і Украіны.Праграма “Калядак”, якую падрыхтавалі магдалінскія музыкі, вызначалася асаблівым рэпертуарам. “Мы запісваем песні не толькі на Кобрыншчыне, але і ў суседніх раёнах – Маларыцкім, Жабінкаўскім. З гэтай мэтай перыядычна ладзім экспедыцыі”, - расказвае Алена Паўлаўна. Фіналам фестывалю стаў народны канцэрт, у якім выступленне “Зараніцы” польская публіка сустрэла гучнымі апладысментамі. Асабліва ўразіла гледачоў танцавальная кампазіцыя “Кракавяк”. “Людзі ў зале падняліся, гэта іх танец”, - адзначыла Алена Букач. Заўважыла яна і тое, што палякі ведаюць шмат нашых песень, цікавяцца беларускай культурай. “Мы будзем працягваць наша сяброўства”, - падзялілася планамі Алена Паўлаўна.Людміла ДУБІНА.Фота з архіва народнага ансамбля песні і музыкі “Зараніца” Магдалінскага сельскага Дома культуры.

Поделиться в соцсетях: