Як у “Студзінцы” “Дажынкі” святкавалі
У мінулую суботу кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Вілія-Агра” Васілій Новік сабраў гасцей на сваёй аграсядзібе “Студзінка” на свята, прысвечанае заканчэнню ўборачнай кампаніі.
Сёння “Вілія-Агра” – гэта больш за 1760 гектараў зямель, свае статак і асабістая вытворчасць, дзе працуюць 54 чалавекі. І менавіта для таго, каб адзначыць лепшых і падарыць усім сапраўднае свята, і была наладжана імпрэза “Студзінскія забаўлянкі”.
Усіх гасцей сустракаў вярблюд Саід, які так і наравіў “пацалаваць” і ўшчыпнуць за бок усіх, хто хацеў зрабіць з ім яскравае фота. Вярблюд тут аказаўся невыпадкова – у гаспадарцы ёсць свой заапарк, у якім шмат цікавых і незвычайных для нашых лясоў жывёл.
На тэрыторыі “Студзінкі” размясціліся міні-кафэ, дзіцячы гарадок з рознымі забавамі, так што яшчэ да пачатку свята тут было чым заняцца.
І вось жанчыны ў нацыянальных касцюмах падышлі да поля, сабралі апошнія снапы і з дажыначнымі песнямі накіраваліся да сцэны. Кіраўніку фермерскай гаспадаркі быў уручаны сімвалічны сноп, а таксама каравай як сімвал добрага ўраджаю і дабрабыту.
З цёплымі пажаданнямі і віншаваннямі да гасцей свята звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, які ўручыў Пісьмо падзякі старасце вёскі Гірск Ганне Бойка. Таксама на сцэну былі запрошаны лепшыя работнікі гаспадаркі, якім Васілій Новік падзякаваў за добрую працу і ўручыў прэміі.
Сярод ганаровых гасцей свята быў і бурмістр польскага горада-пабраціма Бельск-Падляскі Яраслаў Бароўскі, які раздзяліў усеагульную радасць, павіншаваў са святам і расказаў, што ў іх таксама святкуюцца “Дажынкі”. Гэта яшчэ раз падкрэслівае блізкасць людзей.
Гасцей чакала вялікая і насычаная культурная праграма. Сапраўдным падарункам сталі выступленні народнай артысткі Беларусі Ядзвігі Паплаўскай, сучаснай беларускай спявачкі Анастасіі Ціхановіч і гурта “Шчаслівы выпадак”, якія падарылі гасцям добры настрой і парадавалі як вядомымі, так і новымі цікавымі кампазіцыямі. А пасля зоркі беларускай эстрады з задавальненнем фатаграфаваліся з гледачамі і дзяліліся ўражаннямі. Анастасія Ціхановіч адзначыла, што Кобрыншчына ёй вельмі спадабалася, і пры магчымасці з яны з радасцю завітаюць ў госці зноў.
Сваімі выступленнямі парадавалі калектыў “Магдаліна” і ўзорны ансамбль “Таўкачыкі”, маладзёжны ансамбль “Журавіны” і ансамбль беларускай песні “Маланка” з Польшчы і іншыя. Яшчэ адной зорнай госцей стала ўкраінская спявачка Галіна Конах. А разбаўлялі музычныя нумары цікавыя конкурсы і гульні з гледачамі.
У гэты дзень нават надвор’е выдалася камфортным. Час праляцеў непрыкметна. Апошнюю кропку ў свяце паставіў прыгожы святочны феерверк.
Людміла ПАШКОВІЧ.НА ЗДЫМКАХ: моманты свята.Фота Рамана МЕЛЬНІКА.
Поделиться в соцсетях: