Мы – лаўрэаты!
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў абласнога конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2013 года Брэсцкай вобласці” адбылося ў грамадска-культурным цэнтры г. Брэста. Такі конкурс стаў традыцыйным для Брэстчыны і праводзіўся вось ужо шаснаццаты раз. Ад суб’ектаў прадпрымальніцтва ўсіх рэгіёнаў вобласці было пададзена 147 заявак. Камерцыйныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія дасягнулі высокіх фінансавых і эканамічных паказчыкаў па выніках 2013 года, зарэгістраваныя на тэрыторыі вобласці, спаборнічалі па 16 намінацыях.
Дыпломамі былі ўзнагароджаны 16 пераможцаў і 32 лаўрэаты. Сярод лаўрэатаў ёсць і кабрынчане. Лепшым прадпрымальнікам у сферы вытворчасці прамысловых тавараў названа ТАА “Флексапак-Пол”, у сферы медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці – ПСУП “Дэка-плюс”, а лепшы прадпрымальнік-арганізатар рабочых месцаў – СТАА “ВП Палессе”.
Адначасова былі падведзены і вынікі творчага конкурсу “На лепшае асвятленне і прапаганду ў СМІ прадпрымальніцкай дзейнасці ў Брэсцкай вобласці”. Дыпломам лаўрэата ў 2013 годзе ўзнагароджана ўстанова “Рэдакцыя раённай газеты “Кобрынскі веснік” і праграмы радыёвяшчання “Кобрынскае раённае радыё”. Варта адзначыць, што на старонках “КВ” сістэматычна асвятляецца тэма прадпрымальніцтва, чытачы заўсёды ў курсе спраў самых паспяховых людзей і арганізацый нашага раёна.
Віншуем пераможцаў!
Ірына ЛЕСІК.