У Кобрыне прайшоў раённы этап конкурсу педагагічнага майстэрства «Малады настаўнік Кобрыншчыны»

Шасцёрка – гэта добра. Але ў дадзеным выпадку «шасцёрка» – зусім не адзнака. Менавіта столькі прадстаўнікоў школьнай інтэлігенцыі сталі фіналістамі раённага этапа конкурсу педагагічнага майстэрства «Малады настаўнік Кобрыншчыны».

Каб выйсці на сцэну дзіцячай школы мастацтваў г. Кобрына для выступлення ў фінале, маладым педагогам, чый працоўны стаж складае 2-5 гадоў, давялося прайсці сур’ёзны адбор. Спачатку вылучаныя ў педагагічных калектывах устаноў адукацыі перспектыўныя педагогі рыхтавалі планы-канспекты ўрокаў і здымалі відэаролік аб кнізе, якую раілі пачытаць вучням ці калегам.

Потым адзінаццаць удзельнікаў з ліку тых, хто прапанаваў найбольш яскравыя творчыя матэрыялы, працягнулі спаборніцтва ў паўфінале: правялі конкурсныя ўрокі ў незнаёмых класах, паказалі ўменні аналізаваць уласную дзейнасць, прайшлі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, рэкламавалі лічбавыя сродкі навучання, якія выкарыстоўваюць у сваёй рабоце. Пасля гэтых выпрабаванняў удзельнікі з найбольш высокімі агульнымі баламі трапілі ў фінал. Вось іх імёны: настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Гімназія г. Кобрына» Надзея Баранава, настаўнікі англійскай мовы СШ №№ 9 і 7 Юлія Барушка і Алена Гудаўскіх-Гаўрыш, настаўнік пачатковых класаў СШ №6 Вікторыя Лабай, настаўнік матэматыкі СШ №8 Таццяна Філіманюк, настаўнік хіміі і біялогіі ДУА «Дзіцячы сад-сярэдняя школа №4» Анастасія Шапяцюк.

Апошнім акордам конкурсу сталі сцэнічныя выступленні, у якіх педагогі дэманстравалі хатнія заданні – візіткі «Знаёмцеся. Я – малады настаўнік», экспромтам адказвалі на пытанні маленькіх «чамучак» і адгадвалі школьныя песні на новы лад. Хтосьці з дзяўчат трымаўся ўпэўнена, хтосьці хваляваўся. Але адчувалася: кожны малады настаўнік выбраў работу з дзецьмі па прызванні. Кожнага з іх вядуць па жыцці натхненне і любоў да школы, жаданне дзяліцца ведамі і вопытам, імкненне зрабіць гэты свет лепшым.

Перамога дасталася мацнейшым. У гэты дзень фартуна ўсміхнулася абаяльнай Надзеі Баранавай і крэатыўнай Алене Гудаўскіх-Гаўрыш. Яны набралі найбольш балаў сярод канкурсантаў. Удзельнікі атрымалі ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі ад РА РГА «Белая Русь» і ЗТАА «Лангхайнрых Канфекцыён Бел». Настаўнікаў Кобрыншчыны шчыра павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Іван Каробка, начальнік аддзела па адукацыі Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Шамяцюк, старшыня Кобрынскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Радковіч.

Пераможцы заваявалі права прадстаўляць Кобрыншчыну ў абласным этапе конкурсу, які адбудзецца напачатку наступнага навучальнага года.

Аўтар і фота: Жанна Елізарава / vkobrine.by