Воінам. Героям. Пераможцам. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Нінэль Гасюк
Беларусь сустракае чарговы май і святкуе Дзень Перамогі. У гэты дзень мы згадваем тых, хто не дажыў да гэтай вясны, таму што аддаўшы сваё жыццё за нашу свабоду і незалежнасць. Яны пайшлі на смерць дзеля таго, каб жылі будучыя пакаленні… І тых, хто сёння ў страі з намі – герояў-пераможцаў страшнай фашысцкай навалы, якія не шкадавалі жыцця, каб неба над нашай краінай заўсёды было мірным і ціхім. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Нінэль Гасюк бачыў іншае неба… Над квітнеючымі майскімі дрэвамі павольна плывуць аблокі, а думкі міжвольна вяртаюць яго ў страшныя гады ваеннага ліхалецця…
Асвойваць ваенную справу Нінэлю Паўлавічу давялося ў 1942 годзе ў Краснахолмскім пяхотным вучылішчы, аднак скончыць яго курсант не паспеў – напрыканцы снежня 1942 года ён быў адпраўлены на фронт. Па прыбыцці Нінэля Гасюка размеркавалі ў 674-й полк 150-й добраахвотніцкай дывізіі імя І.В. Сталіна. Далей – франтавыя будні, холад і голад, баявыя страты і цяжкая штодзённая работа.
Не раз хадзіла побач і смерць, але Нінэля Паўлавіча, здавалася, бараніў лёс – аднойчы, калі ён служыў другім нумарам у кулямётным разліку, першы нумар адправіў яго на абед замест сябе. Неўзабаве пачаўся артналёт, а калі ж малады салдат вярнуўся, іх умацаваная кропка аказалася знішчанай прамым пападаннем снарада, загінуў і яго таварыш. Падчас штурму Гняздзілаўскіх вышынь Нінэля Гасюка заваліла зямлёю так, што выбрацца здолеў толькі з дапамогай санітарнага інструктара – дзяўчыны, якая ў хуткім часе, на жаль, таксама загінула. Пазней побач з нашым героем упаў снарад, але не разарваўся. Яшчэ адзін разарваўся, але толькі лёгка параніў салдата. У страшных умовах нараджалася і мацнела франтавое братэрства – і сёння Нінэль Паўлавіч успамінае імёны сваіх аднапалчан, разам з якімі даводзілася біць фашысцкіх акупантаў. За ўзяцце Гняздзілаўскіх вышынь ён быў удастоены медаля “За адвагу”, за праяўленую мужнасць у баях пад Оршай – ордэна “Чырвоная зорка”. У красавіку 1944 года за рызыкоўны рэйд па нямецкіх тылах на тэрыторыі Латвіі ў складзе атрада, узброенага кулямётамі і мінамётамі (на той час Нінэль Гасюк ваяваў у складзе мінамётнай роты) ён атрымаў званне сяржанта і медаль “За адвагу”. Гэта толькі некаторыя прыклады вялікага шляху героя-пераможцы.
Запомніўся ветэрану і дзень 9 мая, калі паступіла паведамленне аб падпісанні акта аб капітуляцыі Германіі. Нягледзячы на важную пдзею, камандзір роты Дзмітрый Цыдэнаў загадаў быць напагатове – вораг быў недабіты, небяспека чакала на кожным кроку. І як у ваду глядзеў – праз кароткі час пачаўся моцны артабстрэл. І хоць доўга немцы не супраціўляліся, на ліквідацыю асобных груп патрабавалася больш за месяц пасля Дня Перамогі.
Зразумела, немагчыма ў адным газетным артыкуле падрабязна апісаць усё франтавое жыццё Нінэля Паўлавіча. Кожны дзень франтавіка заслугоўвае асобнага апавядання. Яго лёс, як і лёс іншых салдатаў, партызанаў, працаўнікоў тылу назаўсёды стаў часткай вялікага летапісу нашай агульнай Перамогі, а жывыя ўспаміны – унікальнай крыніцай. І сёння, напярэдадні светлага Дня Перамогі, ветэран звяртаецца да кабрынчан і ўсіх беларусаў з адным заклікам – зберагчы мір на нашай зямлі.
– Беражыце мір. Асабліва ў сённяшні няпросты час, калі ў нашым грамадстве зноў намагаюцца распаліць пажар “каляровых рэвалюцый”. Досыць ужо з нас усіх рэвалюцый і войн! Помніце, якой дарагой цаной нам дастаўся гэты мір. А ў Дзень Перамогі прыгадайце ўсіх тых, хто назаўсёды застаўся на палях сражэнняў, ускладзіце кветкі да абеліскаў, ушануйце памяць тых, хто аддаў сваё жыццё, каб жылі наступныя пакаленні, і перадайце гэтую памяць вашым нашчадкам.
Сёння на Кобрыншчыне засталося толькі 17 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Разам з Нінэлем Паўлавічам памяць аб тых часах пранеслі ў сваім целе і душы Пётр Букач, Павел Гілевіч, Міхаіл Гароднік, Вера Дародзька, Марыя Бябека, Пётр Завадоўскі, Яўгенія Мароз, Сяргей Прыступа, Аляксандр Скакун і Іосіф Хоміч, працаўнікі тылу Марта Бадмаева, Мікалай Гілеціч, Іван Кірылюк, Фёдар Катаўшчыкоў, Таццяна Лузгіна і Аляксандр Майсюк. І мы, пакаленне мірнага часу, у гэты светлы дзень нізка схіляем перад імі галовы з удзячнасцю за мірнае неба. Дзякуй вам, нашы родныя, за тое, што адстаялі нашу Радзіму. За квецень садоў, за чыстае неба, спелыя нівы, дзіцячы смех. За жыццё і шчасце ўсіх людзей на нашай мірнай зямлі.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота: Дзмітрый Бялоў. З Днём Перамогі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Нінэля Гасюка віншуюць вучні гімназіі г. Кобрына.