Бібліёграфы Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі пачалі цыкл выданняў з серыі «Адукацыя на Кобрыншчыне»

Бібліёграфы Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі пачалі цыкл выданняў з серыі «Адукацыя на Кобрыншчыне». Першае выданне прысвечана 110-гадоваму юбілею старэйшай адукацыйнай установы горада – сярэдняй школе № 1, якая ў гэтым годзе адзначае значную, салідную дату.

Інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне «Самая першая» дае магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй заснавання і сённяшнім днём першай у нашым горадзе школы. Структура паказальніка ўключае некалькі раздзелаў: «Гартаючы старонкі школьнага летапісу», «Сучасны дзень школы», «Захавальнік гісторыі ― школьны музей», «Знакамітыя выпускнікі школы».

Гартаючы старонкі школьнага летапісу. Большасць старонак выдання прысвечана гісторыі школы, якая стала сведкай двух стагоддзяў, прайшла праз многія выпрабаванні. Гісторыя школы № 1 нераздзельна ад гісторыі горада і звязала разам шматлікія пакаленні кабрынчан. Гартаючы старонкі школьнага летапісу, разглядаючы старыя фотаздымкі, даведваемся, як змяняліся назвы ўстановы: 2-класнае мужчынскае вучылішча, польская школа, грамадская гімназія, польская сярэдняя школа, дзяржаўная гімназія імя М. Радзевіч, сярэдняя школа. За гады існавання навучальнай установы неаднаразова змяняўся яе статус, аднак ніколі не змянялася яе асноўнае прызначэнне – выхоўваць, вучыць, даваць пуцёўку ў жыццё сваім выпускнікам. Дарэчы, будынак школы з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь і, несумненна, прыцягвае ўвагу сваёй прыгажосцю і велічнасцю.

Захавальнік гісторыі ― школьны музей. Адной з несумненных адметнасцей установы з’яўляецца школьны музей. Экспазіцыя «Гісторыя школы даўжынёю ў стагоддзе» беражліва захоўвае слаўныя старонкі гісторыі школы, яе дасягненні і традыцыі, памяць пра мінулае. А віртуальны музей на сайце ўстановы, які прызнаны лепшым у Брэсцкай вобласці ў 2018 годзе, стаў першым лічбавым рэсурсам такога тыпу і даў магчымасць узаемадзейнічаць з рознымі пакаленнямі выпускнікоў.

Знакамітыя выпускнікі школы. У кожнай школы ёсць свае годнасці. Але ёсць і тое, што аб’ядноўвае ўсе школы без выключэння. Гэта іх выпускнікі. У кожнага з іх жыццё склалася па-рознаму, абраныя розныя шляхі, але школа па праве ганарыцца сваімі выпускнікамі. Многія з іх дасягнулі поспехаў ў навуцы, вытворчасці, сталі пісьменнікамі, журналістамі, ваеннымі… Шмат з іх добра вядомыя як на Кобрыншчыне, так і далёка за яе межамі. Гэта Георгій Амельянюк -кандыдат біялагічных навук, доктар юрыдычных навук; Сцяпан Гапасюк – доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Крымскай абсерваторыі; Сцяпан Давыдзюк – заслужаны трэнер па шахматах, выдатнік адукацыі Беларусі, майстар ФІДЭ, аўтар і рэдактар многіх выданняў для кіраўнікоў шахматных гурткоў; Аляксей Мартынаў – краязнаўца, гісторык, Ганаровы грамадзянін г. Кобрына; Павел Міхайлаў – беларускі мовазнавец, педагог, спецыяліст у галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, анамастыкі, этналінгвістыкі, навуковай тэрміналогіі, і многія іншыя. Раздзел «Знакамітыя выпускнікі школы» выдання знаёміць з 18 вядомымі былымі вучнямі – выпускнікамі.

Сучасны дзень школы. Юбілей школы – гэта не толькі свайго роду гістарычная веха, але і рубеж, які дае магчымасць ацаніць пройдзены шлях. Для кожнага пакалення школа была сваёй, асаблівай, але заўсёды роднай, так як традыцыі школы свята захоўваюцца і перадаюцца з году ў год. Сёння ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына» з’яўляецца цэнтрам атрымання сучасных ведаў, выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, развіцця творчых здольнасцей вучняў. Сярод навучэнцаў школы – стыпендыяты прэзідэнцкага фонду і пераможцы алімпіяд самага рознага ўзроўню, выдатныя спартсмены і артысты, прызёры конкурсаў і выдатнікі вучобы. Школа на працягу доўгіх гадоў умее браць вяршыні, ставіць новыя мэты і дамагацца чарговых поспехаў. Школу любяць і памятаюць, а пакуль яна жыве ў памяці, у сэрцы, у душы – жыццё школы працягваецца…

Інфармацыйнае выданне «Самая першая» прадстаўляе каля 100 бібліяграфічных крыніц. Уключае артыкулы з перыядычных выданняў, пачынаючы з 1971 года. Прадстаўлены ілюстрацыйны матэрыял, фотаздымкі розных гадоў. Фотаматэрыялы выкарыстоўваліся з фотаархіва бібліятэкі, а таксама з віртуальнага музея на сайце ўстановы СШ № 1. Выказваем падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы выдання настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства УА «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына» Наталлі Рагачук.

Інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне выдадзена ў Год малой радзімы і адрасавана ўсім, хто займаецца вывучэннем роднага краю, цікавіцца яго гісторыяй, адукацыяй, культурай.

Больш падрабязна азнаёміцца з паказальнікам «Самая першая» можна пазнаёміцца на сайце Кобрынскай РЦБС (рубрыка «Краязнаўства» – Краязнаўчыя выданні) і ў гісторыка-краязнаўчым цэнтры бібліятэкі.

 Святлана КУРАЧУК, галоўны бібліёграф Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Фото из открытых источников (иллюстрация)