Прогноз погоды
Вс, 13 июля 2025

Міхаіл ГРЫШКЕВІЧ: «Што маем – не захоўваем, калі страцім – плачам»

02/02/2021

Адной з першарадных функцый старшыні Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіла Грышкевіча была і застаецца работа з людзьмі. Кіраўнік раёна сістэматычна сустракаецца з працоўнымі калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна ў межах работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць даведацца з аўтарытэтнай крыніцы актуальную інфармацыю і атрымаць адказы на пытанні, якія хвалююць.

Міхаіл Грышкевіч (злева) і Аляксандр Мартынюк у час сустрэчы з калектывам ДРБУ-201

Чарговая такая сустрэча-справаздача адбылася 26 студзеня ў калектыве філіяла «Кобрынскае ДРБУ-201» КУП «Брэстаблдарбуд», якім кіруе Уладзімір Клышко. Сфера адказнасці ў прадпрыемства вялікая. А гэта больш за 540 кіламетраў аўтамабільных дарог, 12 мастоў, дзве паромныя пераправы, амаль 30 кіламетраў тратуараў і больш за 400 кіламетраў сельскіх вуліц.

Прадпрыемства актыўна займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторый, працуе ў цесным тандэме з упраўленнем капітальнага будаўніцтва Кобрынскага раёна, ПБУП «Рамсантэхбуд» і іншымі ўстановамі Кобрыншчыны, выконвае шырокі спектр работ для сельскагаспадарчых арганізацый. Нягледзячы на няпростыя рыначныя ўмовы прадпрыемства працуе рэнтабельна. Тут паступова ўмацоўваюць матэрыяльна-тэхнічную базу, набываюць новую тэхніку, ствараюць камфортныя ўмовы для працы і адпачынку персаналу.

Старшыня райвыканкама даў станоўчую ацэнку стану спраў на прадпрыемстве, пажадаў калектыву далейшага развіцця.

Адно з пытанняў, якое акрэсліў у выступленні Міхаіл Грышкевіч, тычылася санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі па COVID-19. Ён адзначыў, што гэтае пытанне па-ранейшаму на кантролі, хоць сітуацыя зараз не такая напружаная. Разам з тым кіраўнік раёна заўважыў, што грамадзянам нельга расслабляцца, яны павінны сачыць за станам свайго здароўя, прытрымлівацца правілаў гігіены і рэкамендацый медыкаў. З улікам сітуацыі па каранавірусе ў свеце Міхаіл Грышкевіч параіў устрымацца ад паездак за мяжу.

Істотная частка выступлення старшыні райвыканкама тычылася падрыхтоўкі да VI Усебеларускага народнага сходу. Варта заўважыць, што дырэктар ДРБУ-201 Уладзімір Клышко ўнёс шэраг карысных прапаноў для абмеркавання, яны тычыліся выкаранення бюракратызму на месцах, прапанаваў канструктыўныя варыянты эканоміі сродкаў і інш. Старшыня райвыканкама ўзяў праблемныя пытанні на асабісты кантроль.

Не абышоў Міхаіл Грышкевіч і такое злабадзённае пытанне, як кібербяспека грамадзян.

На жаль, многія жыхары Кобрыншчыны ігнаруюць нормы бяспекі сваіх грашовых сродкаў. Банальная няўважлівасць людзей прыводзіць да таго, што махляры крадуць іх грошы, даведаўшыся нумары банкаўскіх картак ад саміх даверлівых грамадзян. Вось і атрымліваецца, як у той вядомай прыказцы: «Што маем – не захоўваем, калі страцім – плачам».

Ад працоўнага калектыву ДРБУ-201 да раённай улады паступілі пытанні, якія тычыліся ўладкавання каналізацыі ў раёне магазіна «Сябры» ў г. Кобрыне, бяспекі дарожнага руху і светлафорных рэжымаў каля магазіна «Мегатоп» у цэнтры горада, крэдытавання будаўніцтва жылля і інш. Міхаіл Грышкевіч і яго намеснік Аляксандр Мартынюк далі кампетэнтныя адказы на ўсе пытанні, якія паступілі.

Фота і аўтар Раман МЕЛЬНІК

Поделиться в соцсетях: