Прогноз погоды
Вт, 13 мая 2025

Жыхары вёскі Бярозна адзначылі 450-годдзе свайго населенага пункта

01/10/2020 Праздники Разное

У кожнага чалавека на зямлі ёсць месца, дзе ён нарадзіўся, вымавіў першае слова, зрабіў першыя крокі. Адкуль выйшаў у далёкую дарогу пад назвай – жыццё.

20 верасня 2020 года жыхары в. Бярозна адзначылі 450-годдзе свайго населенага пункта. Лічыцца, што назву вёсцы далі беластвольныя бярозы, якія акружаюць яе з двух бакоў. Па другой весріі, паходжанне назвы вёскі звязана вось з такой гісторыяй.

Жылі тут два браты, мелі гаспадарку, шчыравалі на зямлі. Але былі такія сквапныя, што жонкі іхнія ў рызманах хадзілі, дзеці галадалі. Перад смерцю бацька сказаў сынам, што закапаў клад пад… і памёр. Шмат гадоў шукалі яны скарб, але нідзе яго не было. Мужчыны ўжо зусім адчаяліся, калі раптам знайшлі свой скарб пад бярозай. Вось і пайшла назва Бярозна. Так яно было ці не так, схавалася ўсё ў нетрах часу. Бярозна – вёска ўнікальная па сваёй забудове. Яе раздзяляе вуліца Кавалёва, якая доўжыцца 2 км. У далёкім 1944 годзе салдаты пад камандаваннем маёра Міхаіла Кавалёва вызвалялі гэтыя мясціны, гналі фашыстаў  з беларускай зямлі. Убачыўшы мясцовыя краявіды, ён сказаў наступныя словы: «Калі я загіну, то пахавайце мяне тут». Сваю смерць ён нібыта прадчуваў: на наступны дзень каля вёскі Плянта яго забілі. Баявыя сябры прывезлі цела свайго камандзіра і пахавалі на вясковых могілках. Было герою 29 гадоў. У 1968 годзе на магілу Міхаіла Кавалёва прыязджалі яго брат і сястра з Гомельскай вобласці.

У канцы вёскі шмат вякоў ляжыць камень, на якім выбіты нейкія знакі. З пакалення ў пакаленне перадаецца такая легенда. Ехала гэтым шляхам маладая княжна Кацярына ў Санкт-Пецярбург, і ў хуткім часе яна стала царыцай Кацярынай II. У яе гонар і паставілі памятны знак.

Багацце вёскі - гэта людзі, якія жывуць і працуюць тут. Самы старэйшы жыхар в. Бярозна Ніна Супрунюк, 1933 года нараджэння. Самай маленькай жыхарцы Алісе Шыкунец усяго 2 гады. Вядучыя Даша Аўдзяюк і Анастасія Шыманская ўшанавалі жыхароў, якія перасягнулі 80–гадовы рубеж. Гэта Салівончык В.Я., Малышук В.Р., Пружанец П.І., Шчэрба В.У., Шчэрба Д.У., Паплаўская А.М. Усе яны працавалі ў калгасе «Праўда», якога, на жаль, ужо няма. Былі ўшанаваны людзі, якія ў 2020 годзе адзначылі юбілеі 50, 45, 30, 20, 10 гадоў.

Бібліятэкар Шамятоўскай публічнай бібліятэкі Наталля Андраюк павіншавала лепшых карыстальнікаў бібліятэкі па дзесяці намінацыях з уручэннем памятных дыпломаў і прызоў.

Вольга Малышук расказала прысутным пра вёску. Яна нарадзілася тут у 1939 годзе, тут настаўнічала і жыве зараз. Вольга Рыгораўна ўспомніла цяжкія пасляваенныя гады, як хадзілі пешшу ў Антопаль, каб закончыць сярэднюю школу. На свята прыехала многа гасцей. Настаяцель царквы Святога апостала Лукі павіншаваў жыхароў вёскі са святам і адзначыў, што калі ён атрымаў прыход, то, пазнаёміўшыся з вёскай Бярозна, быў вельмі здзіўлены яе забудовай. Свяшчэннік пажадаў прысутным здароўя і цярпення.

Многа гадоў старастай вёскі з'яўляецца Наталля Максімовіч. Яна працуе ў мясцовым магазіне. Дзякуючы яе неабыякавасці, фантазіі, у межах свята была арганізавана выстава народнай творчасці. Незвычайнай прыгажосці ручнікі, навалачкі, сурвэткі,посцілкі здзіўлялі гасцей. Выстаўку сваіх работ прадставіла Марыя Парфамук. Яна родам са Століншчыны, жыве тут ужо 35 гадоў.

Даўно пайшлі з жыцця Марыя Салівончык, Ніна Парфамук, а рэчы, зробленыя іх рукамі, старанна захоўваюць іх нашчадкі. 

Лепшыя гаспадары падвор'яў былі ўзнагароджаны граматамі Астроміцкага сельскага выканаўчага камітэта.

Святочны настрой узмацніў канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Лукскага Дома культуры.

Праграма закончылася такімі словамі :

Земля моих отцов,

Земля родных людей.

Любовь моя, забота и награда.

Наверно земли есть и краше и теплей.

Наверно есть, но нам других не надо.

 

Адміністрацыя Шамятоўскага ДК.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу