Добрасуседства кнігі і навукі ў бібліятэчнай сістэме Кобрынскага раёна

Ларыса Легацюк (злева), Святлана Курачук (справа) і Людміла Дардзюк (другая справа) з наведвальнікамі цэнтра.

Утульнасць, цішыня, кніжныя паліцы ад падлогі да столі. Ветлівыя гаспадары і іх  наведвальнікі, якія заўсёды  глядзяць у адным накірунку, добра разумеючы адзін аднаго. Чароўны пах ад кніжных старонак утварае той асаблівы, непаўторны водар… Такая атмасфера пануе ў бібліятэцы, і кожны, хто пераступае яе парог, апыняецца ў скарбніцы ведаў.  

–  Бібліятэчную сістэму Кобрынскага раёна складае 31 бібліятэка, у ліку якіх – цэнтральная раённая бібліятэка і дзіцячы філіял – у горадзе, астатнія – гэта філіялы  і публічныя бібліятэкі у сельскай мясцовасці. Бібліятэка сёння – гэта цэнтр інтэлектуальнага жыцця, самаразвіцця, месца адпачынку, сямейнага вольнага часу, – расказвае дырэктар бібліятэкі Ларыса Легацюк.

 Бібліятэчная прафесіянальная супольнасць усведамляе, што значна шырэйшыя перспектывы для паспяховага развіцця маюць тыя  бібліятэкі, якія выбіраюць інавацыйны шлях. Інавацыя ў бібліятэчнай справе – гэта стварэнне прынцыпова новых відаў дзейнасці, якія выходзяць за межы штодзённай працы і выводзяць работу на новы ўзровень. Для Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі такім прыярытэтным накірункам дзейнасці стала краязнаўства.

– Перад намі стаяць дзве ўзаемазвязаныя мэты. Гэта забеспячэнне карыстальнікаў краязнаўчай інфармацыяй, якая найбольш поўна задавальняе іх патрэбы, і распаўсюджванне гэтай інфармацыі сярод насельніцтва, – расказвае галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Курачук, якая разам са сваёй калегай Людмілай Дардзюк займаецца распрацоўкай краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў.

Ва ўтульным кабінеце краязнаўчага інфарацыйнага цэнтра пачэснае месца займае краязнаўчы дакументны фонд. Традыцыйная  картатэка выкарыстоўваецца як сродак доступу да краязнаўчых рэсурсаў і з’яўляецца страхавой копіяй электроннага каталога. Яна змяшчае больш за 45000 картак з указаннем бібліяграфічных крыніц, асобныя з якіх датаваны 1948 годам.

Краязнаўчы кніжны фонд, фонд даведачных і бібліяграфічных выданняў раней знаходзіўся на абанеменце і ў чытальнай зале бібліятэкі, цяпер жа асноўная яго частка (больш за 1000 экзэмпляраў) сканцэнтравана менавіта ў краязнаўчым інфармацыйным цэнтры. Гэта зручна і для бібліёграфаў, і для чытачоў, якія карыстаюцца крыніцамі фонда пры напісанні курсавых, дыпломных работ, праектаў.

У аб’ёмістых тэматычных папках-дасье захоўваецца багаты фактаграфічны матэрыял, які распавядае аб гісторыі, эканоміцы, экалогіі, грамадскім, літаратурным, культурным жыцці горада і раёна.

Асобае месца займае краязнаўчая выдавецкая прадукцыя бібліятэкі – буклеты, календары, дайджэсты, інфармацыйна-краязнаўчыя нарысы, якія прадметна расказваюць аб Кобрыншчыне.  

Стварэнню дакументнай базы кобрынскага краю спрыяюць плённыя сувязі, якія склаліся ў супрацоўнікаў бібліятэкі са старажыламі, вядомымі землякамі, іх сваякамі. Часта наведвае бібліятэку вучоны-гісторык, картограф, пісьменнік, ураджэнец в. Літвінкі Леў Казлоў, сюды дасылае лісты вядомы беларускі літаратуразнаўца, крытык,  перакладчык, ураджэнец в. Лышчыкі прафесар Іван Чарота, дзякуючы чаму краязнаўчы дакументны фонд папаўняецца новымі матэрыяламі.

Прынцыпова новыя магчымасці  ў фарміраванні краязнаўчых рэсурсаў  раскрыла камп’ютарызацыя. Так, краязнаўчы блок на інтэрнэт-сайце бібліятэкі паведамляе пра вынаходніцтвы і рэсурсы ўстановы, дае карыстальнікам магчымасць для дыстанцыйнай работы. На ім, а таксама на YouTube-канале  змешчаны аўтарскія відэафільмы, якія распавядаюць пра турыстычныя маршруты, віртуальныя падарожжы, краязнаўчыя экскурсіі, экспедыцыі па мясцінах роднага краю. Электронная база «Краязнаўства. Кобрынскі раён» ўключана ў рэгіянальны зводны электронны каталог Брэсцкай вобласці, у выніку краязнаўчая інфармацыя стала даступнай неабмежаванаму колу аддаленых карыстальнікаў.

Дзейнасць кобрынскіх бібліёграфаў-краязнаўцаў неаднаразова была адзначана на ўзроўні рэспублікі. У 2017 годзе турыстычна-бібліяграфічны праект «Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна»  заняў 2-е месца ў XXV рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры». У мінулым годзе кобрынская бібліятэка як пераможца нацыянальнага конкурсу “Славутыя імёны маёй малой радзімы” адзначана дыпломам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь і каштоўным падарункам. Праектнай дзейнасцю па краязнаўстве ў бібліятэцы займаюцца, па сутнасці, два бібліёграфы, але гэтая работа стварае атмасферу агульнай захопленасці і творчасці, усе супрацоўнікі бібліятэкі далучаюцца да гэтага працэсу. Вынікам бягучага года стане новы віртуальны праект, які бібліёграфы Святлана Курачук і Людміла Дардзюк  ствараюць разам з інжынерамі бібліятэкі Сяргеем Молчанам і Паўлам Грыневічам.

–  Умелае выкарыстанне традыцыйных і інавацыйных формаў работы спрыяе фарміраванню вобразу бібліятэкі як інфармацыйнага, адукацыйнага цэнтра і, што асабліва важна, цэнтра грамадскага жыцця мясцовай супольнасці, – лічаць аўтары.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

Здымак аўтара.