Для вучняў профільных ваенна-патрыятычных і правазнаўчых класаў сярэдняй школы № 4 г. Кобрына, гісторыя Беларусі – гэта святое

Для  вучняў профільных ваенна-патрыятычных (кадэцкіх) і правазнаўчых класаў,  якія з 2001 года дзейнічаюць у сярэдняй школе № 4 (зараз дзіцячы сад-сярэдняя школа №4 г. Кобрына), гісторыя нашай краіны, яе традыцыі – гэта святое. Ва ўстанове даўно склалася сістэма каштоўнасцяў, кадэцкая культура, этыка паводзінаў, якія падпарадкаваны адзінай мэце – выхаванню чалавека-патрыёта.

Класны кіраўнік 11 класа Ірына Тарасюк са сваімі вучнямі.

– Пагоны насіць трэба заслужыць! – перакананы кадэты. Для іх форма – гэта не проста прыгожая вопратка, а асаблівы лад жыцця. Яна абавязвае быць вернымі школе, ганарыцца яе мінулым, паважаць звычаі, непарушна шанаваць патрабаванні статута школы і класа, цаніць сяброўства, беражліва захоўваць і множыць слаўныя традыцыі кадэцкага руху, быць адказнымі за свае ўчынкі.

– Служэнне Айчыне – паняцце шырокае, – упэўнены кадэты-старшакласнікі,  для якіх гэты навучальны год будзе апошнім. Пад кадэцкім сцягам яны прайшлі ўвесь шлях – з 5 да 11 класа і лепш за іншых ведаюць кошт кадэцкага братэрства.  1 верасня прыгожую форму апрануць  24 шасцікласнікі, якія разам са сваім класным  кіраўніком Вольгай Кананчук будуць працягваць   справу  сваіх папярэднікаў.

         Як заўважыла  дырэктар школы Алёна Фігурына, у ваенна-патрыятычныя і правазнаўчыя  класы паступаюць дзеці, якія разам з бацькамі прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы ў такім накірунку і гатовы ісці  да пастаўленай мэты. Работа педагагічнага калектыву накіравана на фарміраванне крытычнага мыслення школьнікаў, іх грамадзянска-патрыятычнага светапогляду і здольнасці да самастойнага здабывання ведаў. Ужо ў 10-11 класах вучні маюць магчымасць з шэрагу прадметаў выбраць тыя, якія будуць вывучаць на павышаным узроўні. Часцей за ўсё выбар спыняецца на такіх вучэбных дысцыплінах, як матэматыка, замежная мова, хімія, біялогія, гісторыя, што дае магчымасць дзецям атрымаць глыбокія веды і паказаць добрыя вынікі падчас уступнай кампаніі.  Кадэты актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядах і конкурсах, спаборніцтвах, ваенна-патрыятычных гульнях і заўсёды вяртаюцца дамоў з дыпломамі пераможцаў, што таксама з’яўляецца вынікам сур’ёзнай падрыхтоўкі.

– Місія кадэцкага руху  заключаецца не ў тым, каб абавязкова адправіць дзіця вучыцца ў навучальную ўстанову, дзе носяць пагоны, а ў тым, каб выхаваць цікавую асобу з высокім почуццём грамадзянскага доўгу, – уступае ў размову класны кіраўнік  адзінаццацікласнікаў Ірына Тарасюк. Яна, як ніхто іншы, ведае, як вучоба ў кадэцкіх класах фарміруе агульначалавечыя каштоўнасці, пачуццё абавязку, адказнасць, працавітасць. Сапраўды, кадэты прымаюць удзел практычна ва ўсіх мерапрыемствах горада, урачыстых сходах, мітынгах, вахтах памяці, актыўна далучаюцца да валанцёрскіх і музейных праектаў, займаюцца  пошукавай і даследчай дзейнасцю. Апошнія дні  канікул афарбаваны  для кадэтаў яркімі фарбамі: яны (пераважна дзесяцікласнікі) актыўна рыхтуюцца прыняць удзел у грамадзянска-патрыятычнай змене навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”, якая пачынаецца ў першай палове верасня ў нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры “Зубраня”.

Мужнасць, адказнасць, сумленнасць, эрудыраванасць — гэтымі якасцямі, пагадзіцеся, варта валодаць, каб стаць паспяховым у любой галіне. І хай не ўсе кадэты стануць кадравымі ваеннымі, але ўсе яны будуць гатовыя да абароны Радзімы па закліку сэрца.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

Фота аўтара.