Артур Бех другі год трымае планку лепшага вадзіцеля жніва

Артур Бех “на працоўным месцы”.

Уборачная кампанія – адказны час, які патрабуе мабілізацыі сіл ад усіх работнікаў. І вельмі прыемна, што  з кожным годам у жніво ўключаецца ўсё больш моладзі.

Гэта падкрэсліла і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марына Палявода.

Нядаўна раённым камітэтам “БРСМ” быў ушанаваны лепшы малады вадзіцель Артур Бех з ААТ “Стрыгава”. Віншаванні ён прымаў непасрэдна ў полі, дзе працаваў на адвозцы пшаніцы.

Дарэчы, і ў мінулым годзе Артур Артуравіч быў лідарам сярод маладых вадзіцеляў. Атрымаць чарговыя віншаванні яму было ўдвая прыемней.

Артур Бех працуе ў гаспадарцы шэсць гадоў, а на жніве – другі год. Адказны і працавіты, ён не баіцца ніякай работы.

Артур Артуравіч мае актыўную жыццёвую пазіцыю. Як адзначыла Марына Аляксандраўна, ён часта прымае ўдзел у разнастайных маладзёжных мерапрыемствах. Механізатар – шматдзетны бацька, мае чацвёра дзяцей, заўважае, што вельмі любіць сваю работу.

Марына Палявода павіншавала вадзіцеля, уручыла яму Падзяку РК ГА “БРСМ” і шматлікія падарункі. А “МАЗ” вадзіцеля ўпрыгожыла вялікая наклейка з надпісам “Моладзь за ўраджай”.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.