З любімай справай па жыцці

Сёлета Дошку гонару Кобрыншчыны ўпрыгожвае партрэт Аляксея Парфенюка.

Больш за 20 гадоў ён працуе ў Верхалескім лясніцтве, ведае кожную хваіну на сваіх угоддзях.

Працоўны шлях Аляксандра Сцяпанавіча пачынаўся з мясцовага калгаса (родам наш герой з Бельска), дзе ён адказваў за тэхніку бяспекі. А пасля яму прапанавалі ісці ў лясніцтва. Тады, у канцы 90-х яны яшчэ былі міжкалгаснымі. А ўжо ў 2001 годзе лясныя ўгоддзі былі перададзены лясгасу.  

– Сёння Верхалесскае лясніцтва мае 7,5 тыс. га лясоў, з якіх 850 га – мой абыход, – расказвае ляснік. – У першую чаргу я адказваю  за ахову лесу, займаюся асвятленнем і доглядам маладых пасадак, адбіваю ўчасткі для рубкі дзелавога лесу, вясной і восенню займаюся пасадкай.

Штодзённыя абыходы даюць магчымасць выявіць участкі, на якіх пачалося ўсыханне лесу, – сігнал таго, што пара рабіць вырубку. Першай прычынай такой з’явы найчасцей бывае караед.

– На жаль, апошнія гады стала шмат бураломаў, таму пацярпелыя  ўчасткі лесу трэба вычысціць. Дзе магчыма  – сам: маю прафесію вальшчыка лесу. Дзе патрэбна, прыцягваем калег, – дзеліцца ляснік. – Безумоўна, больш прыемна лес садзіць – аднаму можна і з паловай гектара справіцца.

У Аляксея Сцяпанавіча – мяккі характар, можа таму, ён і не паляўнічы.

– Паляўнічы білет маю шмат гадоў, але на паляванне не хаджу – жывёл люблю. Часта ў лесе бачу зайцоў, касуль, ласей… Як у іх можна страляць?

Аляксей Парфянюк – чалавек працавіты, ніколі не губляе часу дарма. На працягу 25 гадоў у водпуску працаваў на камбайне на жніве.

– Дом будаваў у горадзе, ды і прывык да працы – бацька шчыраваў на ніве.

Любоў Аляксея Сцяпанавіча да лесу перадалася і дачцэ. Яна атрымала адпаведную адукацыю і працуе памочнікам ляснічага ў Балоцкім лясніцтве. Дарэчы, у Аляксея Сцяпанавіча чацвёра дзяцей. Так што станоўчыя эмоцыі ён атрымлівае і дома.

Аляксей Сцяпанавіч мае нагрудны знак “10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”. Галоўным героем газетных публікацый ён станавіўся неаднаразова. Гэта і не дзіўна, краіна бачыць сваіх рупліўцаў.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.