Чысціня вакол залежыць ад кожнага з нас

Кобрыншчына прыняла ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Работнікі прадпрыемстваў і арганізацый наладзілі ўборку як на рабочых месцах, так і прылеглых тэрыторыях. Асаблівы акцэнт як аб’екту добраўпарадкавання нададзены аграгарадку Дзівін, які сёлета будзе прымаць абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. У дзень правядзення рэспубліканскага суботніка туды адправіліся прадстаўнікі Кобрынскага райвыканкама, “ПМК-52” УП «Брэствадбуд”, Кобрынскага РЭС і работнікі Кобрынскага доследнага лясгаса.

На здымку: навядзенне парадку па вуліцы Паркавай.

Узброіўшыся сякерамі і бензапіламі, яны вычышчалі ад старых дрэў і смецця тэрыторыі каля бязгаспадарных дамоў па вуліцы Савецкай.

Надавалася ўвага і праблемным тэрыторыям у Кобрыне.

Напрыклад, прылеглую тэрыторыю ад пешаходнага мастка па вуліцы Паркавай да вуліцы Юбілейнай прыбіралі работнікі аддзелаў архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і землеўпарадкавання райвыканкама. Гэтая частка вуліцы пакуль не мае забудовы, таму пытанне навядзення тут парадку – актуальнае. “Набор” смецця быў амаль стандартны: цалафанавыя пакеты, бутэлькі, старыя абутак і адзенне. А вось цэлая грампласцінка аказалася даволі нечаканай знаходкай.

Аддзелы эканомікі, гандлю і паслуг райвыканкама займаліся навядзеннем парадку пустак у раёне сярэдняй школы № 9. Такую ж тэрыторыю за гімназіяй Кобрына ад смецця вычышчалі работнікі юрыдычнага аддзела, аддзела арганізацыйна-кадравай работы і прадстаўнікі іншых структурных падраздзяленняў райвыканкама.

Заўсёды праблемнымі заставаліся берагавыя тэрыторыі ракі Мухавец і канала Бона, але сёлета там смецця было значна менш. На гэтых аб’ектах працавалі работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Кобрынскага міжраённага аддзела Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, фінансавага аддзела, аддзела культуры, аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі, РК ГА “БРСМ”.

Дарэчы, актывісты БРСМ уключыліся ў работу па ўсім раёне: школьнікі і навучэнцы сярэдне-спецыяльных устаноў наводзілі парадак на гарадской набярэжнай, на месцах пахаванняў воінаў Вялікай Айчыннай вайны, на школьных участках.

Усяго ж па аператыўных даных у раёне ў рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел больш за 25 тыс. чалавек, было зароблена больш за 60 тыс. рублёў.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.