Чалавек нараджаецца для шчасця

Ганна Барысюк. Фота: Алена БАКУН

Вайна…  Мая субяседніца Ганна Барысюк  не бачыла  яе жудаснага аблічча, а калі і мільгалі перад вачамі страшныя малюнкі, то, на шчасце, сэрца нічога  яшчэ не магло тады разумець. Тым не менш, вайна ўплялася глыбокімі каранямі ў лёс гэтай жанчыны – Ганна Еўдакімаўна  нарадзілася 8 мая 1944 года ў нямецкім палоне.

Бяда ў  сям’ю Еўдакіі і Еўдакіма Алексяюк, якія жылі на хутары каля вёскі Гарыздрычы, прыйшла ў 1943 годзе. На той час старэйшаму сыну Івану было сямнаццаць гадоў, Грыгорыю – 10,  малодшаму Сцяпану толькі споўнілася 8.  А пра тое, што Еўдакія Дарафееўна насіла пад сэрцам новае жыццё, мала хто ведаў.

– Немцы ўварваліся на хутар раптоўна. Не абміналі ні адзін двор – выганялі ўсіх жыхароў на вуліцу. Маці здалёку пачула жаночы гвалт, зразумела, што нешта нядобрае дзеецца.  У першую чаргу падумала пра старэйшага Івана – ён быў звязаны з партызанамі. Загадала яму хавацца ў склеп. Пра тое, што могуць прычыніць благое малым, і думак не было, – пераказвае аповед бацькоў Ганна Еўдакімаўна.
Але немцы не паглядзелі ні на малых, ні на старых. Агульным натоўпам пагналі ўсіх на чыгуначную станцыю. Так, у хуткім часе ўся сям’я Алексяюк, акрамя Івана, разам з другімі вяскоўцамі апынулася ў Германіі.

– Бацька ўспамінаў, як нямецкія заможныя гаспадары выбіралі для сябе бясплатную рабочую сілу з ліку прыгнаных беларусаў, украінцаў, рускіх, – расказвае мая субяседніца. – А маіх бацькоў з малымі братамі ніхто не хацеў браць: маўляў, на што ім яшчэ карміць дзяцей – работнікі з іх ніякія, толькі марная траты. Праўда, адны гаспадары нарэшце зжаліліся.

Праз некаторы час на свет на чужыне нарадзілася мая гераіня Ганна.

– Ніхто маці патуранняў не рабіў, і калі яна цяжарная была, і калі я нарадзілася. Пакорміць мяне грудным малаком – дзякуй, што яно не прапала,  пакіне мяне ў прыбудове, дзе тулілася наша сям’я, і за работу – то прасці, то гатаваць ежу, то дапамагаць бацьку з братамі ў полі. А я адна. Гаспадары нават не дазвалялі, каб Сцяпан са мной хоць на некаторы час заставаўся. Маці не раз расказвала, як бяжыць з работы, а ў самой сэрца ад трывогі заходзіцца: пачуе здалёку, што я плачу, супакоіцца – значыць, усё добра, а калі маўчу – можа, ужо і нежывая – думкі закрадваліся, – працягвае Ганна Еўдакімаўна.

Пасля вызвалення сям’я Алексяюк вярнулася ў Гарыздрычы. Старэйшы Іван усю вайну партызаніў і жыў з надзеяй на тое, што абавязкова дачакаецца вяртання бацькоў і братоў, а атрымалася, што сустрэў яшчэ і сястру.  Ганна пасля заканчэння Мінянскай сярэдняй школы паехала да брата Сцяпана ў Мурманскую вобласць. Там закончыла педагагічнае вучылішча. Але праз некаторы час засумавала па радзіме і вярнулася назад. У Кобрыне і знайшла сваё сямейнае шчасце, выйшла замуж, нарадзіла дачку.

Ганна Еўдакімаўна бярэ ў рукі альбом.  Гартаючы яго, заўважае, што дачку Таццяну не было асабліва часу песціць, а вось унучкам і праўнукам сваю любоў аддае спаўна.

– Песцім і мы, бабулі, зараз сваіх унукаў, песцяць і бацькі дзяцей. Не паспее дзіця заплакаць, як каля яго ўжо сем нянек, – усміхаецца мая гераіня. – Добра гэта ці занадта? А хто ж яго ведае? Да года я, можна сказаць, не бачыла мацярынскай ласкі, ды і потым бацькам не было  калі са мной займацца – час цяжкі быў. Але, калі  гляджу, якімі выраслі мае ўнучкі: Алена – урач, Дар’я – таксама, толькі ветэрынарны, якімі падрастаюць праўнукі, разумею, што чалавек павінен з самага свайго нараджэння адчуваць, што прыйшоў на гэты свет для шчасця  і  любві, каб жыць у гармоніі і суладдзі.

Алена БАКУН.