У цёплых руках акушэра

Першае, з чым сустракаецца дзіця, калі з’яўляецца на свет, – гэта рукі акушэркі. Работа акушэра – вельмі важная. Міжнародны дзень здароў’я ў гэтым годзе прысвечаны падтрымцы  акушэраў і медыцынскіх сясцёр, каб падкрэсліць іх вялікую ролю ў ахове здароўя людзей.

Напярэдадні важнай даты мы завіталі ў філіял  “Радзільны дом” Кобрынскай ЦРБ , які мае статус перынатальнага цэнтра другога ўзроўню і абслугоўвае некалькі навакольных раёнаў. Па выніках 2019 года наш роддом стаў лепшым у вобласці. Усяго тут працуе 180 медыцынскіх работнікаў, у радзільным аддзяленні каля 35.

Старшая акушэрка Таццяна Голікава і галоўная медсястра раддома Ганна Паляшчук падзяліліся асаблівасцямі сваёй работы. Яны вельмі любяць сваю справу, можа таму кожная са спецыялістаў мае за плячамі больш за дваццаць гадоў стажу. Таццяна Віктараўна з усмешкай заўважыла, што пасля таго, як колькасць прынятых ёю немаўлят перавысіла тысячу – збілася з ліку.

– Праца акушэра патрабуе вялікай самаадданасці і псіхалагічных сіл. Кожны раз з пацыенткай ты праходзіш вялікі шлях і “нараджаеш” занова. Акушэрка становіцца для кожнай будучай маці сяброўкай, якая не толькі падрыхтуе псіхалагічна да важнага моманту, але і падтрымае, навучыць правільнаму догляду за сабой і немаўлём, – дзеліцца Таццяна Віктараўна.

– Не бывае аднолькавых родаў, таму важна быць высокакваліфікаваным  спецыялістам. Увесь наш медыцынскі персанал пастаянна вучыцца, атрымлівае дадатковую адукацыю, стажыруецца, – падкрэслівае Ганна Валяр’янаўна.

У 2019 годзе ў Кобрынскім раддоме было прынята 1235 родаў, што менш, чым у 2018 годзе.

Спецыялісты расказалі, што ў апошні час у роддоме практыкуюцца так званыя партёрскія роды.

– Галоўная мэта такіх родаў не паказаць момант з’яўлення дзіцяці на свет, а падтрымаць будучую маці ў самыя адказныя хвіліны, – падкрэслівае Таццяна Віктараўна.

  З мэтай дапамагчы маладым маці справіцца з цяжкасцямі пасля выпіскі, медыкі стварылі своеасаблівую службу дапамогі, якая па тэлефоне аказвае кансультацыі па доглядзе, грудным кармленні і іншых асаблівасцях пасляродавага перыяду.

Кожная маці здольна выкарміць дзіця, але, калі не прайсці самыя першыя цяжкасці і не пераадолець стрэс, можна застацца без малака. У далейшым мы плануем гэтую работу разгарнуць на інтэрнет-пляцоўках з прыцягненнем жанчын, якія мелі станоўчы вопыт груднога кармлення, – расказвае Ганна Валяр’янаўна.

Спецыялісты ў раддоме працуюць са шчырай  любоўю,  таму што тут кожны разумее, якая вялікая адказнасць ляжыць на іх.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.

На здымку: Таццяна Голікава (злева)  і Ганна Паляшчук.